ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамПершыя творыПершыя творы Якуба Коласа
Першыя творы Якуба Коласа

Першыя творы Якуба Коласа

1 верасня 1906 г. у газеце ’’Наша Доля’’ быў надрукаваны першы верш Я. Коласа ’’Наш родны край’’ (PDF).

У перыяд 1906–1911 гг. вершы маладога паэта актыўна друкаваліся на старонках газеты “Наша ніва” (1906 PDF, 1907 PDF, 1908 PDF, 1909 PDF, 1910 PDF, 1911 PDF).

Яшчэ ў юнацкія гады Якуб Колас рабіў запісы вуснай народнай творчасці. Працуючы педагогам, пачаў складаць вучэбны дапаможнік ’’Другое чытанне для дзяцей беларусаў’’.

’’Другое чытанне для дзяцей беларусаў’’ (1909) (PDF)

Зборнік уяўляе сабой хрэстаматыю для вучняў II класа. Падручнік мае выразную структуру – складаецца з сямі раздзелаў: першыя чатыры прысвечаны порам года; тром апошнім раздзелам аўтар даў наступныя назвы: ’’Родныя абразы’’ (V раздзел), ’’Вершы і байкі’’ (VI раздзел), ’’Казкі’’ (VII раздзел). Такая будова кнігі сведчыць пра тое, што першыя раздзелы (I–V) пісьменнік вылучыў паводле тэматычнага прынцыпу, а два апошнія – паводле жанравага. Кожная з пяці першых частак кнігі ўяўляе сабой закончаную кампазіцыю твораў з уласным кантэкстам і своеасаблівай унутранай пабудовай.

Малюнкі прыроды, апісаныя Я. Коласам у чытанцы, надзвычай эмацыйныя і маляўнічыя. Адухаўляючы прыроду і навакольны свет, пісьменнік знаходзіць адметныя і непаўторныя фарбы для кожнай пары года: ’’Вясна’’, ’’Лета’’, ’’Навальніца’’, ’’Каля возера ўначы’’, ’’Летняя ноч’’, ’’Асеннія ясныя дні’’, ’’Зіма’’ і інш. На фоне прыродных з’яў даволі часта адлюстраваны забавы дзяцей, праца дарослых – падзеі, якія арганічна ўпісваюцца ў непаўторны пейзаж прыроды, дапаўняючы яго і ствараючы адпаведны настрой. Так, у апавяданні ’’Зіма’’ ў першых радках паказаны чароўнасць і прыгажосць зімовага пейзажу, які прынёс з сабой першы снег, а ў апошніх сказах, дзе малююцца забавы дзяцей, адчуваецца дынамізм, радасны і бадзёры настрой.

У некаторых апавяданнях, каб засяродзіць увагу на важных момантах, Я. Колас ужывае непасрэдныя звароты да маленькага чытача (’’Вясна’’, ’’Ручай’’, ’’Мурашкі і іх будова’’). У кожным канкрэтным выпадку такія звароты выкарыстоўваюцца з рознымі мэтамі. У першым з названых твораў – каб паступова падвесці дзяцей да даволі складаных вывадаў грамадскага характару, у другім – каб навучыць маленькага чытача прыслухоўвацца да мовы роднай прыроды, у трэцім – для лепшага засваення адукацыйнага матэрыялу. Паэтычныя малюнкі вясенняга ажыўлення (паводкі) даюць магчымасць скіраваць увагу дзяцей на грамадскія праблемы свайго часу. Я. Колас жадаў, каб жыццё маленькіх беларусаў не было падобным да жыцця іх бацькоў; пісьменнік клапаціўся аб тым, каб яны раслі вольналюбівымі і ў будучым былі гатовы стаць на шлях абароны вольнага і незалежнага жыцця.

У творах ’’Другога чытання для дзяцей беларусаў’’ пры дапамозе алегорыі пісьменнік стварае непаўторныя вобразы лесу, сонца, ветру, марозу, ночы. У апавяданні ’’Ручай’’ у вобразнай форме праз мову кропелек ручайка аўтар прапаноўвае дзецям тлумачэнні, як утвараюцца ручайкі і нават пра з’яву кругазвароту вады ў прыродзе. Поўнасцю алегарычным з’яўляецца апавяданне ’’Дуб і чароціна’’, якое вучыць дзяцей быць вынослівымі, мужнымі, рашучымі, упэўненымі, непахіснымі ў дасягненні сваёй мэты. У заканчэнні свайго маналога дуб гаворыць наступныя словы: ’’Праўда, і мяне можа зламаць бура і цяпер: няма на свеце такое сілы, над каторай не было б большае сілы’’ (Колас Я. Дуб і чароціна [1906–1917] // Збор твораў: у 14 т. Т. 4 – Мінск, 1973. – С. 219).

Пісьменнік не дае адназначнага адказу на пытанне чароціны. Праз алегарычную форму Я. Колас тлумачыць дзецям і іншую ісціну: не ўсе канфлікты можна вырашаць з пазіцыі сілы, лепш жыць мірна і ў спагадзе з іншымі людзьмі. Не для кожнага чалавека прыдатныя словы: ’’лепей зламацца зусім, чым гнуцца ўсякай сіле’’ (Колас Я. Дуб і чароціна [1906–1917] // Збор твораў: у 14 т. Т. 4 – Мінск, 1973. – С. 219).

Але незалежна ад таго, моцны чалавек ці слабы, жыццё кожнага – найвялікшая каштоўнасць. У гэтым і заключаецца гуманістычная ідэя апавядання.

Выхаваўчыя ідэі многіх твораў чытанкі арганічна спалучаюцца з адукацыйным матэрыялам. Якія веды аўтар імкнуўся перадаць маленькім чытачам, сведчаць ужо самі назвы гэтых твораў: ’’Прылёт птушак’’, ’’Мурашкі’’, ’’Адлёт птушак’’, ’’Якую карысць прыносяць нам птушкі’’, ’’Мурашкі і іх будова’’, ’’Як выдумляюцца страхі’’. Галоўная думка аўтара, якую ён імкнецца данесці да дзяцей з твора пад назвай ’’Як выдумляюцца страхі’’ неабходнасць пашырэння набытых ведаў: ’’болей навукі – меней страху’’ (Колас Я. Як выдумляюцца страхі [1906–1917] // Збор твораў: у 14 т. Т. 4 – Мінск, 1973. – С. 266).

Сучасныя чытачы кнігі Я. Коласа атрымаюць таксама новыя веды і з апавядання ’’Куцця’’, якое расказвае пра самы важны момант на калядных святах, знаёміць з нормамі сялянскай маралі, сярод якіх адна з галоўных – павага да старэйшых членаў сям’і; даведаюцца пра мінулае свайго краю з апавяданняў, змешчаных у раздзеле ’’Родныя абразы’’.

Кожнага свайго героя пісьменнік імкнецца надзяліць індывідуальнымі рысамі, але гэта не перашкаджае стварэнню тыповага вобраза героя чытанкі Я. Коласа: звычайнага сялянскага хлопчыка з чулым сэрцам (’’Ластаўкі’’), з уражлівай і паэтычнай душой (’’Прылёт птушак’’, ’’У грыбах’’), цікаўнага і дапытлівага (’’Школа’’). Але пісьменнік не ідэалізуе дзіцячыя вобразы, бо некаторыя з яго герояў не супраць паласавацца яблыкамі з чужога саду (’’Чужы сад’’), не заўсёды могуць вырашыць спрэчку мірным шляхам (’’За што пабіліся хлопцы’’) і нават могуць праявіць жорсткасць у адносінах да прыроды (’’хітры і нягодны’’ Антось з апавядання ’’Ластаўкі’’). Такая кантрастнасць вобразаў спрыяе вырашэнню дыдактычных мэт чытанкі.

У апошнім з раздзелаў ’’Другога чытання для дзяцей беларусаў’’ Я. Колас змясціў адзінаццаць апрацаваных ім беларускіх казак. Да казак таксама можна аднесці і твор з IV раздзела пад назвай ’’Два маразы’’. Апошні раздзел чытанкі прадстаўлены ў дзвюх разнавіднасцях казак: казак пра жывёл і сацыяльна-бытавых. Казкі пра жывёл невялікія па сваіх памерах, адпавядаюць узроставым асаблівасцям дзяцей 5–7 год, у іх выразна выяўляецца выхаваўчая скіраванасць: высмейваецца зайздрасць, сквапнасць, абмежаванасць, палахлівасць (’’Воўк – дурань’’, ’’Леў і воўк’’, ’’Два зайцы’’). Казкі сацыяльна-бытавога зместу давалі магчымасць Я. Коласу сцвердзіць маральную перавагу простага мужыка над прадстаўнікамі іншых сацыяльных груп, што не заўсёды можна было сказаць адкрыта з цэнзурных меркаванняў (’’Мужык і цыган’’, ’’Два маразы’’, ’’Мужык і пан’’).

Казка ’’Цяжкая доля’’, пабудаваная на народным сюжэце, акрамя свайго аптымістычнага гучання, нясе глыбока філасофскую думку пра шчасце, што заключаецца ў жыцці для іншых, нягледзячы на вялікія духоўныя і фізічныя намаганні. Акрамя таго, гэты твор для сучаснага гарадскога чытача мае пазнавальнае значэнне: у ім паказана нялёгкая праца хлебароба. Праз змест казкі ’’Песня птушкі’’ выхоўваецца пачуццё спачування чужой бядзе, жаданне рабіць добрае і прыгожае.

’’Другое чытанне для дзяцей беларусаў’’ з’явілася важным этапам на шляху станаўлення ўсёй беларускай дзіцячай літаратуры.

Першая кніга Якуба Коласа ’’Другое чытанне для дзяцей беларусаў’’ выйшла ў 1909 г. у выдавецтве ’’Загляне сонца і ў наша аконца’’, а ў 1910 г. убачыў свет першы зборнік вершаў ’’Песні-жальбы’’.

Песні-жальбы (1910) (PDF)

У 1910 г. у Вільні выйшла першая паэтычная кніга Якуба Коласа ’’Песні-жальбы’’. Я. Колас, які дагэтуль актыўна друкаваўся на старонках ’’Нашай Нівы’’, знаходзіўся ў гэты час у мінскім астрозе, адбываючы пакаранне за падрыхтоўку нелегальнага з’езда беларускіх настаўнікаў. Выхад кнігі быў важным і знакавым не толькі для самога аўтара (падсумаванне пачатку творчага шляху), але і для ўсёй тагачаснай беларускай літаратуры: ’’Жалейку’’ Янкі Купалы дапоўніў нібыта ўжо знаёмы, ды новы паэтычны тон. Рэчышча беларускай літаратуры з асобных ручаін ператварылася ў магутную ўсёажыўляльную плынь. У нашаніўскай рэцэнзіі, што з’явілася адразу пасля выхаду кнігі, Альгерд Бульба высока ацаніў яе, адзначыўшы перадусім прастату і яснасць выражэння думкі, глыбінную народнасць, цярпенне ’’за мільённы народ’’, якое чуецца ў вершах. Адзначыў крытык і надзвычайнае майстэрства Я. Коласа ў стварэнні прыродаапісальных вершаў: ’’…у момэнт, калі апісывае нам родныя абразы, ён стаецца артыстам, зросшымся с прыродай’’.

Высока, але і даволі крытычна ацаніў коласаўскія ’’Песні-жальбы’’ Максім Багдановіч. У артыкуле ’’Глыбы і слаі’’ ён назваў кнігу ’’цэльнай… па светапогляду’’, але аднастайнай паводле тэм і матываў. М. Багдановіч вылучыў тры дамінантныя тэмы коласаўскай кнігі: ’’… бедныя абразы роднага краю, доля нашага народа, турэмныя думкі і жыццё’’. Галоўная каштоўнасць вершаў Я. Коласа, на думку М. Багдановіча, ’’у праўдзівай – далёкай ад ўсякай фальшы – любві да бацькоўшчыны; гэтая любоў, як цудоўная жывая вада ў казках, ажыўляе іх і робіць роднымі, блізкімі ўсякаму, у кім яшчэ ёсць душа жывая, хто не забыўся аб долі свайго народа, а мо і сам перажывае апісанае ў гэтых вершах’’.

Сучаснае коласазнаўства першую кнігу класіка нацыянальнай літаратуры ўспрымае ў рэчышчы дэмакратычных традыцый айчыннай паэзіі і хрысціянскай філасофіі жыцця. Песні-жальбы – гэта не толькі назва кнігі, але і асноўны жанр пачатку паэтавай творчасці, калі ён адчуваў уплыў дэмакратычных традыцый Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча, песняроў народнага гора, долі-нядолі.

Галоўным і сутнасным у першай кнізе Я. Коласа была любоў да роднага краю, якая напаўняе душу высакародным святлом і хараством, якая не можа зацьміць ні ўбогасць паўсядзённага жыцця, ні нараканні на долю. Яна ж, любоў, і загартоўвае душы, даводзячы праз сціпласць малюнка нацыянальнага жыцця, што яно ёсць найперш выпрабаванне на трываласць і чалавечнасць. Вобраз роднага краю, успрыняты праз вочы і сэрца беларуса-працаўніка, і ўвасобіў Я. Колас у першым зборніку ’’Песні-жальбы’’, паказаўшы цярпенне і крыж беларуса на шляху ў будучыню.

Паэт вершы сваёй першай кнігі размясціў у пяці раздзелах, што надавала ёй у цэлым кампазіцыйную і зместавую завершанасць: 1. Думкі; 2. Родныя абразы; 3. Мужычае жыцьцё; 4. На разстані; 5. З турмы. Адкрываўся ж зборнік вершам ’’Не пытайце, не прасіце’’, дзе творца насамрэч у багушэвічскім стылі дэклараваў, што вясёлых песень даць не зможа, бо ’’на жыцьце як паглянеш, / Сэрца болем зашчыміць’’.

Думкі паэта – гэта ’’сэрца дзеткі’’, яны ’’рана засмуцілісь’’, спазнаўшы горыч і боль жыцця. Многім вершам уласцівая адмысловая вобразнасць, а менавіта метафары, параўнанні, якія характарызуюць аўтара як выбітнага мастака слова, а воклічы, паўторы, звароты афарбоўваюць вершы глыбокім прачулым лірызмам, павышаюць іх эмацыйнасць. Так, у вершы ’’Пташкі ў лесе шчэбеталі…’’ малюецца ’’вясёлы вечар мая’’, неба над Беларуссю – гэта ’’Божае поле’’, па якім плывуць белыя хмаркі – ’’думкі светлай долі’’. Праз гэтыя вобразы нараджаецца асаблівая настраёвая дамінанта коласаўскай лірыкі: на першы погляд шэры, будзённы вобраз роднага краю, пазбаўлены пышнай, кідкай экзотыкі, скіроўвае думкі лірычнага героя да вечных пытанняў быцця чалавека на зямлі, яго шчаслівай-нешчаслівай долі, сэнсу існавання. У сваю чаргу такі склад думак укладаецца ў хрысціянскую філасофію жыцця. Вершы кнігі адпаведна чытаюцца і ўспрымаюцца як спазнанне праўды і паўнаты быцця. Гэтае спазнанне адбываецца не праз нейкія экстрэмальныя звышдзеянні і звышсітуацыі, а праз мерны, суровы, працавіты і скупы на свае плады будзень. Выпрабаванні і церні гэтага будня алегарычна мысляцца таксама і як “крыжовая дарога” беларуса-працаўніка, сына сваёй зямлі, і гэтай дарогай трэба прайсці, каб дасягнуць жаданых Новага Неба і Новай Зямлі.

Яскравай вобразнасцю вылучаецца таксама верш ’’Усход сонца’’, пабудаваны як каскад метафар, пакліканых апісаць урачыстасць нараджэння летняга дня – справы, не падуладнай рукам чалавечым, а таму асабліва ўзвышанай. Ранак, новы дзень даецца як дар нябёсаў чалавеку, перад веліччу гэтага дару замірае душа і славіць у стройных вобразах творчую моц Бога:

На усходзе неба грае
Дзіўным блескам жару,
Залацісты сноп купае
Ў полымі пажару.
……………………
І ўбірае залатую
Сонейку дарогу,
Паліць сьвечку дарагую
Прад аўтарам Бога…

Такой самай веліччу прасякнуты вобраз ночы, краса і таямнічасць якой таксама абуджаюць у лірычнага героя ўзвышаны строй думак, трапятанне чулага сэрца (верш ’’Ноч’’). Менавіта чулае сэрца здольнае адгукнуцца на хараство прыроды, успрыняць усе яе перамены як дары, перажываць у сувязі з гэтым розныя настроі, адчуваць сябе часткай велічна задуманага і створанага свету. Так, вершы ’’Адлёт жураўлёў’’, ’’Восенны дождж’’, ’’Восень’’ малююць нам зусім іншы пейзаж: маркотны, дажджыста-слязлівы, настроены на адыход, заміранне жыцця. Таму лірычны герой чуе цяпер у небе – ’’гэтым Божым моры’’ – зусім іншыя гукі, бачыць іншыя колеры: ’’Жаласныя крыкі / Льюцца над зямлёю, / Стагі лугавыя / Вежамі жаўцеюць’’ (верш ’’Адлёт жураўлёў’’).

Арганічна працягваюць прачулую паэтычную гаворку вершы наступнай нізкі ’’Родныя абразы’’. Беларускі краявід у гэтых вершах не выглядае парадна, ён выклікае смутак і тужлівасць. Аплакваючы ’’нешчаслівую старонку’’, апісваючы непрывабныя ў сваім заняпадзе бакі яе краявіду, Якуб Колас усё роўна поўны любові. Любові, спагады, жалю. Любіць свой край у красе і любіць яго ва ўбогасці – так, відаць, праяўляецца паўната любові і ласкі. І творца шчыра прызнаецца ў гэтым ужо ў першым вершы дадзенай нізкі ’’Я не знаю…’’:

Я не знаю, я не знаю,
Чым я так прыкуты
Да тваіх, мой родны краю,
Абразоў пакуты.

Цяплом любові, часам пэўным калівам іроніі вызначаецца ў кнізе і вобраз чалавека працы. Вершы, дзе створаны такі вобраз, сабраны ў нізку ’’Мужыцкае жыццё’’, але прывабныя рысы працаўніка-аратага праглядваліся і ў папярэднім цыкле. Так, верш ’’Хлебароб’’ малюе нам годнага і прыгожага селяніна-гаспадара, які паважна аглядае свой палетак, дзе дружна спее будучы ўраджай. Няма ў вершы ніякіх намёкаў на заняпад, гразь, неўрадлівасць:

Густа жытцо маладое
Поле ўсё пакрыла,
Расьце добра і прыгожа,
Ажно глянуць міла.

Ды і сам хлебароб – самавіты, ’’важны, задуменны’’, сапраўдны гаспадар сваёй раллі.

Гэты вобраз кардынальна адрозніваецца ад традыцыйнага вобраза мужыка-бедака, які бачым у вершы ’’Мужык’’ і да якога ўжо нібы прызвычаілася наша свядомасць як да тыповага вобраза селяніна пачатку ХХ ст., створанага нашай літаратурай:

Я – мужычы сынок.
Ні двара, ні кала!
Поле – жоўты пясок,
Хата ў землю вайшла.

Не жыву, а гнію,
Прападаю, як мыш…
Глянь на долю маю,
Глянь на цяжкі мой крыж!...

Побач з матывамі беднасці, убогасці і занядбанасці жыцця селяніна, якое выклікае шчыры жаль і спараджае песні-плачы над яго доляй, ужо з гэтай нізкі зборніка пачынае гучаць і матыў веры ў надыход праўды. Так, заключны верш цыкла ’’Мы ходзім спатыкаемся’’ напісаны на аснове кантрасту-супрацьпастаўлення: хоць мы ’’асьмеяны, аблаяны, / Гразёю мы абмазаны’’, але ж ’’…хоць некалі / А праўды дапытаемся’’.

Гаворку пра будучае вызваленне, пошук праўды працягвае паэт і ў цыкле вершаў ’’На розстані’’. У вершах ’’Не бядуй’’, ’’Сябром’’, ’’Што вы, хлопцы, пахмурнелі…’’ упэўнена гучыць матыў адраджэння, які перамагае плач, акрыляе да дзейснай, актыўнай працы дзеля новай будучыні. ’’Наша праўда нам паможэ – / Блісьне сьвет і к нам ў ваконцэ!’’ – сцвярджаў паэт у вершы ’’Сябром’’, звяртаючыся пэўна ж да сваіх аднадумцаў-паплечнікаў, кола якіх найперш тады складалі нашаніўцы і сябры-настаўнікі. Праўда адраджэння абвяшчаецца паэтам і ў вершы ’’Не бядуй’’, дзе яго голас ужо ўзмацняецца да прарочага тону: ’’Вер, што жыцьце залатое / Будзе ў нашай старане!’’

Асаблівае месца ў кнізе займае ’’турэмны’’ цыкл вершаў, дзе адбіліся непасрэдныя ўражанні астрожнага жыцця, а тэма волі і нявольніцтва загучала яшчэ больш трагічна (’’Песьня няволі’’):

Як моцны гук, прызыў вясны
С тваей пачуўся вышыны!
Прастор, прастор і воля там,
Але не нам яны, не нам!
Запёрты мы, прыдаўлены.
Рашоткі нам пастаўлены…

Ратуюць лірычнага героя-вязня толькі думкі пра родны край. Яго вобразы-краявіды паўстаюць перад вачыма нявольніка, выклікаюць ’’смутак і радасць’’, даюць наталенне спакутаванай душы, вяртаючы ёй спакой. Менавіта таму ў цыкле паміж вершаў астрожнай тэматыкі з’явіўся верш ’’Родныя абразы’’ (’’Родныя вобразы’’), які стаў вяршыняй лірычнага пачуцця ўсяго зборніка і нібыта лагічна замкнуў увесь яго вобразны строй:

Толькі я лягу і вочы закрыю,
Бачу я вас прад сабой:
Ціха праходзіце вы, як жывыя,
Зьзяючы мілай красой.

Першы зборнік вершаў Якуба Коласа ’’Песні-жальбы’’ болей за сто гадоў таму паказваў беларускаму чытачу ’’мілую красу’’ айчыны, вучыў любіць яе ў жальбе і смутку, пакрыўджаную і пагарджаную, любіць для будучай славы ўваскрэсення і аднаўлення ў Праўдзе, паказваў шлях да Новай Зямлі і Новага Неба.

Выкарыстаныя крыніцы:

  1. Багдановіч, І. "Гэта – вобразы краіны Беларусі роднай…" : да 100-годдзя першага зборніка вершаў Якуба Коласа "Песні-жальбы" / Ірына Багдановіч // Роднае слова. – 2010. – № 9. – С. 12–15 : іл.
  2. Багдановіч, М. Глыбы і слаі / М. Багдановіч // Поўны збор твораў : У 3 т. Т. 2 : Мастацкая проза, пераклады, літаратурныя артыкулы, рэцэнзіі і нататкі, чарнавыя накіды. – Мн., 1993. – С. 188–189.
  3. Колас Я. Збор твораў: у 14 т. – Мінск, 1973.
Бібліятэкарам