ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіКласікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб КоласЧытаем Купалу і Коласа разамЯнка Купала і Якуб Колас – дзецямЯнка Купала – дзіцячы пісьменнік
Янка Купала – дзіцячы пісьменнік

Янка Купала – дзіцячы пісьменнік

Твораў, напісаных спецыяльна для дзяцей, у Я. Купалы няшмат. У 1921–1922 гг. на старонках часопіса “Зоркі” друкаваліся такія яго творы для дзяцей, як “Задачкі”, “Песня і казка”, “Бай”, “Вяртаюцца з выраю жоравы, гусі...”, “Сын і маці”, “А зязюлька кукавала...”, “Мароз”, “Кароль”. У той жа час сярод твораў Я. Купалы, напісаных для дарослых, шмат такіх, якія могуць быць цікавымі школьнікам як творы – сведчанні пра пэўны гістарычны час. У іх адлюстраваны лёс, жыццёвыя праблемы людзей (дзяцей у тым ліку) у дарэвалюцыйны і савецкі час. Пры гэтым варта адзначыць і тое, што лірыка Я. Купалы не паддаецца адназначнаму сэнсаваму тлумачэнню. Вобразы паэтавых твораў – гэта вобразы аб’ёмныя ў сэнсавых адносінах, грамадзянска-філасофскія. Да ліку такіх вершаў адносяцца, напрыклад, “Над калыскай” (“Спі, маленькі мой сыночак!..”) (1906), “Над калыскай” (“Люлі, спі, мой сынку!..”) (1906–1910), “Сын і маці” (1919), “Вяртаюцца з выраю жоравы, гусі...” (1921) і інш. Без дадатковага тлумачэння настаўніка вучням будзе цяжка зразумець аб’ёмны сэнс вершаў “Сын і маці”, “Вяртаюцца з выраю жоравы, гусі…”. Тут абавязкова трэба раскрыць асаблівасці грамадзянскай пазіцыі Я. Купалы ў паслякастрычніцкі перыяд, калі паэт пакутліва асэнсоўваў шляхі, па якіх пойдзе Беларусь у будучае (паэт прадбачыў, што яно будзе супярэчлівым). Вершы Я. Купалы для дзяцей і ў дзіцячым чытанні, створаныя ў розныя перыяды творчасці, можна прадставіць у наступных тэматычных групах.

Дакастрычніцкі перыяд

Творы сацыяльнага, сямейна-побытавага зместу: “Над калыскай” (“Спі, маленькі мой сыночак!..”), “Сірочая доля”, “Над калыскай” (“Люлі, спі, мой сынку!..”) і інш. У творах адбываецца асэнсаванне праблемы лёсу чалавека, перспектыўных жыццёвых шляхоў, на якія можа стаць чалавек у пэўных абставінах. Літаратурныя героі гэтых твораў – маці, дзіця, сірата, а таксама вобраз лірычнага героя, які асэнсоўвае долю чалавека ад яго нараджэння да смерці (“Сірочая доля”). Форма гэтых вершаў – калыханка, песня, знаёмая для юнага чытача, спрыяе больш глыбокаму разуменню іх сэнсу.

Творы пазнавальна-выхаваўчага зместу: белетрызаваныя “Задачкі”. У іх не проста прапаноўваецца матэматычная ўмова, але і акрэсліваецца падзейная сітуацыя, якая вымагае лагічнага вырашэння. Такія кароткія белетрызаваныя задачкі спрыяюць развіццю лагічнага мыслення і вынаходлівасці дзіцяці.

“Трэба было чалавеку перавязці чэраз рэчку воўка, казу і капусту. Усяго за раз памясціць у чайку не можна было: чайка была малая. Чалавеку прыходзілася перавозіць усё паасобку.
Але калі ён возьме з сабой капусту, то воўк з’есць казу; калі ўзяць воўка, то каза з’есць капусту. Як іх перавязці, прымаючы пад увагу, што воўк капусту не есць?”

Купала Я. Задачкі [№ 2, 1904–1917] // Поўны збор твораў: у 9 т. Т. 9. Кн. 1. – Мінск, 1997. – С. 559.

Савецкі перыяд

Творы грамадзянскага, патрыятычнага зместу: “Арлянятам”, “Піянерскае”, “Сыны”. Ва ўмовах, калі ў перыяд канца 20–30-х гг. XX ст. гаварыць праўду было небяспечна, калі пры татальным цэнзурным кантролі данесці адкрыта праўду да чытача было практычна немагчыма, паэт стаў гаварыць са сваім удумлівым сучаснікам-чытачом стылізаванай мовай і стылізаванымі (пад формы мыслення новага часу) сэнсаўтваральнымі формамі. І такая мова, і такія формы адлюстроўвалі сутнасць новага часу. Паміж радкамі такой стылізацыі паэту ўсё ж удавалася сказаць істотнае – тое, што магло быць заўважана пільнымі сучаснікамі і ўзята за узор грамадзянскай пазіцыі, за ўзор адносін да рэчаіснасці, якая, акрамя негатыўнага, давала і прыклады пазітыўнага развіцця абставін.

У такім кантэксце варта звярнуць увагу на вершы “Арлянятам” (1923) і “Піянерскае” (1926) – творы першай паловы 1920-х гг., перыяду, калі, здавалася, яшчэ можна было адкрыта выказвацца. Але гэта толькі на першы погляд. Ужо ў гэты час разгортваўся татальны кантроль над грамадскай свядомасцю. Сведчаннем таму можа быць, напрыклад, спроба стварэння літаратурнай арганізацыі “ВІР”. У 1922 г. Я. Купала падпісаў устаноўчыя дакументы маючага ўтварыцца літаратурнага таварыства “ВІР”. Супрацоўнікі Народнага камісарыята ўнутраных спраў пасля праверкі “палітфізіяномій” заснавальнікаў таварыства прыйшлі да заключэння аб іх палітычнай нядобранадзейнасці (Я. Купала пасля такой праверкі быў названы “беларускім пісьменнікам-шавіністам”), у выніку чаго бальшавікі забаранілі ўтварэнне таварыства.

Купала ва ўсе перыяды творчасці быў надзелены найдзіўнейшай асаблівасцю не толькі бачання сутнасці таго, што адбываецца ў жыцці, але і прадбачання будучыні свайго народа. І такія асаблівасці яго таленту прадвызначалі характар гутаркі паэта з сучаснікам. Так, напрыклад, глыбока асэнсоўваючы сутнасць бурапеннасці новага часу, негатыўны ўплыў яе на фарміраванне грамадзянскай свядомасці маладога пакалення, Купала, заклікаючы моладзь (арлянят) змесці “цень мінуўшчыны праклятай” (стылізацыя пад заклікі новага часу), у той жа час звяртаў увагу на іншае. І гэтае іншае было галоўным у працэсе самавыхавання. Менавіта самавыхавання, бо ў новых умовах спадзявацца на эстэтычную перспектыву бальшавіцкага выхавання не даводзілася. Купала накіроўвае погляд моладзі на памяць гісторыі: у ёй утрымліваецца наказ працягваць змаганне продкаў за волю:

Вам пакінулі прадзеды
Гартаваны косы,
Каб вы з імі сонца следам
Выйшлі на пакосы;

Каб касілі да упаду
Пустацвет і зелле,
Што сваім пякучым ядам
Труцяць кроў у целе.
Купала, Я. Арлянятам [верш, 1923] // Поўны збор твораў: у 9 т. Т. 4. – Мінск, 1997. – С. 121.

“Пустацвет і зелле” ў дадзеным кантэксце, відаць, не што іншае, як нікчэмнасць новага жыцця. Увогуле дзве апошнія часткі верша – гэта гутарка пра волю, разлічаная на ўдумлівага чытача, які здольны пры асэнсаванні новых парадкаў аддзяляць насенне пустазелля ад жытнёвага зерня. Матывам волі (у нацыянальным сэнсе, а не бальшавіцкім) прасякнута першая частка верша “Піянерскае”; нацыянальныя праблемы тут ставяцца ў кантэкст агульначалавечых. Звяртаючыся да піянераў, паэт заклікае:

А сястрыц і браткоў
Не даць крыўдзе і здрадзе
Будзь гатоў!

Думкі, сілу гартуй на манер
Сваіх старшых – бацькоў;
Стаць за волю нязменна
Будзь гатоў!

Беларусь спадзяецца з цябе
Мець свайго абаронцу.
Купала Я. Піянерскае [верш, 1926] // Поўны збор твораў: у 9 т. Т. 4. – Мінск, 1997. – С. 153.

Як бачым, у гэтай частцы твора гучаць патрыятычныя матывы не часовага кшталту, а вечнага, трывалага. Паэт скіроўвае ўвагу чытача ў будучае Беларусі, пра якое марылі яшчэ продкі, змагары за сонца незалежнасці для сваёй краіны. У другой жа частцы верша назіраем адлюстраванне супярэчлівага (дзіцячага) мыслення новага часу. Галоўная прыкмета такога мыслення і яго слоўнага выражэння – тарабаршчына:

Чым папала я гаціць буду гаць;
Я не толькі ваяваць проць багоў, –
Нават чорта ганяць з Беларусі
Заўсёды гатоў!
Купала Я. Піянерскае [верш, 1926] // Поўны збор твораў: у 9 т. Т. 4. – Мінск, 1997. – С. 154.

Аднак жа ў Купалы яна палітычная, змяняецца ўсё тым жа матывам волі, але ўжо (у адрозненне ад першай часткі твора) у разуменні дзіцяці-піянера:

Падрасці б мне, як мага найбардзей, –
Паказаў бы сваю моц і сілу!
Сцеражыся ўжо тады, ліхадзей!
Бараніць у кожны час без адмоў,
Як быў, буду красу волі мілай
Заўсёды гатоў!
Купала Я. Піянерскае [верш, 1926] // Поўны збор твораў: у 9 т. Т. 4. – Мінск, 1997. – С. 154.

Творы сацыяльнага, сямейна-побытавага зместу: “Сын і маці”, “Алеся” і інш.). У вершы-дыялогу “Сын і маці” маленькі хлопчык пытаецца ў маці, чаму яна так плача, гледзячы ў неба, ды яшчэ крыжамі яго знача. Маці адказвае, што ад неба залежыць ураджай, – град можа выбіць збожжа. Чорная хмара праходзіць, не зачапіўшы хату, але ж маці плача без упынку. І гэта надта здзіўляе сына:

Мамка, мамка! ўжо мінула
Чорна хмара й не чапнула
Нашу хату і збажынку,
А ты плачаш безупынку...
Купала Я. Сын і маці [верш, 1919] // Поўны збор твораў: у 9 т. Т. 4. – Мінск, 1997. – С. 56.

Верш заканчваецца шматкроп’ем. Такі абрыў невыпадковы. Ён дае магчымасць чытачу змадэліраваць наступную рэпліку ў гэтым дыялогу, якая будзе ўжо належаць маці. У такім выпадку можа паўстаць пытанне: хто стаіць за вобразам маці і сына? Дзеля адказу на яго варта прыгадаць, што верш быў напісаны ў 1919 г., у перыяд, калі Купала, асэнсоўваючы сучаснае жыццё (улада бальшавікоў на Беларусі, нямецкая і белапольская акупацыіБацькаўшчыны) і палітычныя, грамадскія перспектывы краю, знаходзіўся на раздарожжы, разумеючы пры гэтым, што ні ад Варшавы, ні ад Масквы Беларусі чакаць светлай будучыні не даводзіцца. Па якім шляху ісці, якую яшчэ хмару чакаць? Вось пытанні, на якія канчаткова ў той час не мог адказаць ні сам Паэт-Прарок, ні маці-Радзіма з яго верша. Гэта разгубленасць і хаваецца ў шматкроп’і, якім заканчваецца твор.

Для Я. Купалы пры асэнсаванні рэчаіснасці і перспектыў развіцця Бацькаўшчыны будучае было цесна паяднана з сучаснасцю. Надзеяй будучыні былі дзеці. У гэтых і іншых творах паэт звяртаўся з яшчэ адным аспектам для асэнсавання дарослым чытачом: будучае залежыць таксама ад выхавання дзяцей. У гэтых адносінах творчасць Купалы вельмі гарманічна кладзецца ў кантэкст нацыянальна-адраджэнскага руху 20-х гг. XX ст. працэсу, паказальнай рысай якога было нацыянальнае выхаванне.

Творы пра дзіцячыя захапленні, свет дзіцячых уяўленняў: (“Кароль”, “Хлопчык і лётчык” і інш.) Калі ў вершы-аповедзе “Кароль” (1922) адлюстраваны вобразныя ўяўленні хлопчыка-пастушка, што бачыць сябе каралём прасторы, на якой пасецца яго статак, то лірычны герой верша “Хлопчык і лётчык”’ (1935) – гэта маленькі рамантык новага часу. Твор вельмі ўдала перадае гераічна-рамантычныя захапленні і памкненні дзяцей савецкага часу. Варта адзначыць, што гэты верш-зварот (верш-прамова) быў папулярным сярод дзяцей на працягу цэлай эпохі. І гэта натуральна: у ім праўдзіва, жыва, пераканаўча, матывавана перададзены памкненні маленькага хлопчыка, які марыў стаць лётчыкам. Стыль гэтага твора вызначаецца меладычнасцю мовы, ён перадае рамантычную ўзнёсласць мары сямігадовага прамоўцы:

Мне ўжо надакучыла дома –
Ў дзіцячы хадзі адно сад,
А так паглядзеў бы, вядома,
На іншы парадак і лад.

Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я
Пабыць у людзях, паглядзець,
Як месяц на небе начуе,
Як блукае ў лесе мядзведзь,

Як свецяцца ночкаю зоры,
А днём не відаць іх чаму,
Як рэчкі ў далёкія моры
Улетку плывуць і ў зіму.
Купала Я. Хлопчык і лётчык [верш, 1935] // Поўны збор твораў: у 9 т. Т. 5. – Мінск, 1998. – С. 67.

У 1942 г. быў напісаны верш “Хлопчык і лётчык на вайне”. Герой гэтага верша-звароту, трэба меркаваць, усё той жа, што і ў вершы 1935 г., але ўжо падрослы. Ён і цяпер марыць быць лётчыкам, толькі ўжо дзеля таго, каб помсціць фашысцкім захопнікам за зробленае імі зло.

Прыродазнаўчы змест – верш-аповед “Мароз” (1921). У ім створаны карціны зімовай казкі, дзе каронаю марозу бор, а “тронам-пасадам бел-снег”. Лес тут паказаны палацам. А воўк і мядзведзь, вавёрка і лось – яго ахоўнікамі.

Эстэтычны змест – верш “Песня і казка” (1921), дзе паэтычна вызначаюцца асаблівасці ўздзеяння казачна-песеннага свету на свядомасць дзіцяці, акрэсліваецца пазнавальная роля паэтычных вобразаў.

Павучальна-пазнавальны змест – верш-забаўлянка “Бай” (1921). Твор мае ланцужковы прынцып пабудовы, характэрны для народных “баяў”. Казачны персанаж – апавядальнік-Бай – гутарыць з дзіцём з той мэтай, каб пазабаўляць яго. Ён расказвае, як труцень-ашуканец убіваецца ў працавітую пчаліную сям’ю і пачынае жыць за яе кошт. Калі на ўсе ранейшыя пытанні Бая аб тым, “баіць ці не” далей, дзіця адказвала “баіць”, то ў фінале верша, даведаўшыся пра дармаедства трутня, маленькі субяседнік не жадае далей слухаць пра яго. Гэтым самым аўтар звяртае ўвагу на здольнасць дзіцяці рабіць адпаведныя маральныя вывады і паказвае ўзор адносін да негатыўных праяў жыцця: дзіця павінна ад іх адмежавацца.

Крыніцы:

  1. Беларуская дзіцячая літаратура: вучэб. дапаможнік / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агул. рэд. А. М. Макарэвіча, М. Б. Яфімавай. – Мінск: Вышэйшая школа, 2008. – 688 с.
  2. Гесь, А. “ВІР”, які так і не завіраваў / А. Гесь // Літаратура і мастацтва. – 1996. – 27 снежня. – С. 5, 14–15.
Бібліятэкарам