ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Зімовыя ўзоры
Шчодрасць музычнай палітры

Палачанін

Палачанін
Іншыя навіны

З 15 студзеня па 30 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (3-ці паверх, кальцавы калідор) арганізавана юбілейная кніжная выстаўка “Палачанін”, прымеркаваная да 525-годдзя з нараджэння Францыска Скарыны (~1490 – ~1551).


Францыск Скарына з’яўляецца патрыятычным і гуманістычным сімвалам Беларусі. На працягу ўсяго жыцця сусветнавядомы палачанін імкнуўся далучыць суайчыннікаў да набыткаў агульначалавечай культуры.

Экспазіцыя “Палачанін” змяшчае каля 300 даведачных, навуковых, навукова-папулярных, літаратурна-мастацкіх выданняў і ілюстрацыйны матэрыял, прысвечаны асобе беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, гуманіста і асветніка, астранома, медыка, паэта і перакладчыка Францыска Скарыны.

Выстаўка складаецца з раздзелаў: "Францыск Скарына і яго час", “Імя і справы першадрукара”, “Духоўная спадчына Францыска Скарыны”, “Скарыніяна”, “Ад Полацка пачаўся свет...”. Па раздзелах размешчаны матэрыялы, якія асвятляюць розныя аспекты духоўнай і грамадска-палітычнай гісторыі Беларусі, характарызуюць эпоху, сацыяльнае і культурнае асяроддзе, у якім жыў і працаваў Францыск Скарына.

Прадстаўленае ў экспазіцыі выданне П.У. Уладзімірава “Доктор Франциск Скорина, его переводы, печатные издания и язык. СПБ.1888 г.”, прафесар Уладзімір Пічэта назваў грунтоўным даследаваннем, з якога пачалося “вывучэнне і паглыбленне ўсіх пытанняў, звязаных з дзейнасцю Скарыны”, нягледзячы на тое, што цікавасць да асобы Скарыны з’явілася з сярэдзіны 70-х гадоў ХVIII стагоддзя.

Жыццё і дзейнасць слаўнага сына Полацкай зямлі асвятляліся ў шматлікіх навуковых і навукова-папулярных выданнях, зборніках калектыўных прац, напісаных беларускімі, рускімі і ўкраінскімі вучонымі. У экспазіцыю ўвайшлі працы Я.Л. Неміроўскага, В.А. Чамярыцкага, А.І. Мальдзіса, У.М. Казберука, В.Ф. Шматава, Ю.А. Лабынцава, А.А. Лойкі, С. Брагі і іншых вядомых даследчыкаў.

Цэнтральнае месца на выстаўцы займаюць пяць кніг праекта па факсімільным узнаўленні поўнага збору кніг Ф. Скарыны, які ажыццяўляецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і “Знешэканомбанкам”.

У экспазіцыі таксама сабраны даследаванні філасофскіх і гуманістычных поглядаў Скарыны, яго ролі ў развіцці беларускай мовы, літаратуры і пісьменства такіх вучоных, як А.М. Булыка, Г.Я. Галенчанка, У.М. Конан, С.А. Падокшын, А.І. Жураўскі, А.А. Яскевіч.

Полацкае паходжанне Скарына з вялікім пастаянствам і настойлівасцю падкрэсліваў у сваіх выданнях: “Выложенъ доктором Франциском Скорининым сыном из славного града Полацка”. Уславілі гэты горад Рагвалод, Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Еўфрасіння Полацкая і Сімяон Полацкі. Гэтаму слаўнаму гораду, радзіме першадрукара, прысвечаны апошні раздзел выстаўкі.

Навіны

Піянерскі злёт “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”

16 Май 2024

16 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні Дня піянерскай дружбы адбылося святочнае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага злёту “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вадзім Гігін узяў удзел у “Central Asia – 2024”

16 Май 2024

16 мая ў горадзе Джызак (Рэспубліка Узбекістан) пачала сваю працу XVII Міжнародная канферэнцыя “Central Asia – 2024: інтэрнэт і інфармацыйна-бібліятэчныя рэсурсы ў навуцы, адукацыі, культуры і бізнесе”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Самаркандзе адбылася міжнародная канферэнцыя бібліятэкараў СНД

15 Май 2024

15 мая генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі бібліятэкараў СНД “Бібліятэчная Садружнасць: партнёрства і інавацыі”, якая прайшла ў рамках міждзяржаўнай праграмы “Самарканд – культурная сталіца СНД – 2024”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам