ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Румянцаўскія чытанні – 2024
ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)
Іншыя навіны

24 красавіка на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка выступіла з дакладам “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

У дакладзе былі раскрыты службовыя абавязкі прарэктара Нясвіжскіх павятовых школ Адама Шаняўскага, звязаныя з арганізацыяй, упарадкаваннем, каталагізацыяй і камплектаваннем бібліятэчнага фонду. Увазе слухачоў прадстаўлены аналіз зместу рукапіснага бібліятэчнага каталога з фондаў Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў у Маскве, складзенага Адамам Шаняўскім 30 сакавіка 1786 г.

Адам Шаняўскі нарадзіўся ў Беларусі 14 снежня 1737 г., у ордэн езуітаў уступіў 3 жніўня 1753 г. У Полацку вывучаў педагогіку, матэматыку, фізіку, філасофію, тэалогію. Чатыры гады працаваў школьным настаўнікам, а потым на пасадзе прафесара філасофіі Нясвіжскага езуіцкага калегіума. Пасля ліквідацыі ордэна езуітаў застаўся ў Нясвіжы і з 1778 г. займаў пасаду прарэктара Нясвіжскіх павятовых школ. У той час пасада прарэктара характарызавалася перавагай абавязкаў над дэлегаваннем паўнамоцтваў з прычыны дэфіцыту педагагічных кадраў. У школе працавалі прарэктар і тры прафесары, пра што сведчыць змест ліста Адама Шаняўскага ад 14 мая 1786 г., адрасаванага рэктару Галоўнай віленскай школы Марціну Пачобуту-Адляніцкаму: “To rzecz prawdziwa, że na tak publicznym miejscu, jakim jest teraz Nieśwież, przyciężko jest wyrabiać się trzem professorom z jednym swoim prorektorem”.

Арганізацыя работы бібліятэкі і адказнасць за ўпарадкаванне, камплектаванне бібліятэчнага фонду і складанне кніжных рэестраў былі дадатковай нагрузкай да асноўных абавязкаў прарэктара. Арганізацыя педагагічнага працэсу займала шмат часу і бібліятэчныя абавязкі раствараліся ў штодзённых клопатах. Адукацыйная камісія Рэчы Паспалітай рэкамендавала Адаму Шаняўскаму размясціць кніжны фонд на верхнім паверсе школы і з дапамогай службовых інструкцый абавязвала ўскласці кіраўніцтва бібліятэкай на аднаго з настаўнікаў, але прарэктару не было каму даручыць бібліятэку з прычыны недахопу кадраў.

Працэс складання бібліятэчных каталогаў у Нясвіжы расцягнуўся на гады, ігнаруючы інструкцыі і прадпісанні інспектараў. Да таго ж, каталогі патрабавалася складаць у двух экзэмплярах – адзін захоўваць у бібліятэцы, а другі перадаваць у Галоўную віленскую школу. У 1784 г. ад прарэктара патрабавалі другі экзэмпляр каталога, але нам не ўдалося ўстанавіць звестак аб існаванні першага экзэмпляра рэестра кніг.

У Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы (Фонд 280: Радзівілы князі”, справа 277) захоўваецца Люстрация костела Святого Михаила и иезуитского коллегиума при нем, под Несвижем”, складзеная ў 1784 г. на польскай мове (85 лістоў). На сённяшні дзень мы гэтага рукапісу нават у руках не трымалі, таму не можам адказаць на пытанне “змяшчае гэтую крыніцу рэестр кніг ці не?”. Меркаванні аб тым, што ў 1784 г. Адукацыйная камісія Рэчы Паспалітай магла перадаць частку кніжнага збору бібліятэкі Нясвіжскага дома трэцяй прабацыі (установу, у якой ксяндзы праходзілі курс духоўнага станаўлення і пастырскай практыкі), прыдатную для педагагічнага працэсу, у фонд Нясвіжскай павятовай школы. Паглыбленага даследавання і навуковага абгрунтавання патрабуюць архіўныя дакументы.

Аналіз рапартаў 1786–1789 гг. інспектараў Нясвіжскай павятовай школы сведчыць аб паступовай і маруднай працы з бібліятэчным фондам. Запіс рапарта ад 16–19 ліпеня 1786 г. аб складанні каталога ў двух экзэмплярах і ўпарадкаванні апісанай літаратуры мы звязваем з рэестрам Адама Шаняўскага ад 30 сакавіка 1786 г. на выданні, перададзеныя на эканамічнай сесіі ў Варшаве (люты 1786 г.) у павятовую школу з дому трэцяй прабацыі. Лагічна, што новае паступленне / пераразмеркаванне адразу было апісана і ўпарадкавана. Колькасныя паказчыкі дадзенага рэестра меншыя прыкладна на 550 экзэмпляраў і 203 назвы ў параўнанні з рукапісам 1774 г., арыгінал якога захоўваецца ў кракаўскім архіве езуітаў.

Справаздача інспектара ад 14–16 ліпеня 1787 г. сведчыць аб адсутнасці расстаноўкі згодна з класіфікацыяй усяго бібліятэчнага фонду павятовай школы і вопісам кніг неўпарадкаванай часткі. Толькі ў рапарце ад 5–6 ліпеня 1788 г. сустракаем звесткі аб размяшчэнні бібліятэчнага фонду згодна з прынятай класіфікацыяй. Адам Шаняўскі быў удастоены падзякі за праведзеную працу і атрымаў наказ апісаць пакінуты кніжны масіў. У інструкцыі Рады Галоўнай віленскай школы ад 16 красавіка 1789 г. загадана інспектарам літоўскіх школ выказаць падзяку Адаму Шаняўскаму за павелічэнне кніжнага фонду. У сваю чаргу матэрыялы рапарта ад 17 ліпеня 1789 г. не інфармуюць як аб складанні каталогаў на неапісаную частку, так і аб адсутнасці рэестраў. Прывязаны да сваёй школы Адам Шаняўскі з болем пісаў Марціну Пачобуту-Адляніцкаму ў лісце ад 30 ліпеня 1792 г.: “Szkoły w Nieświeżu głuche”. Інфармацыі аб рабоце з бібліятэчным фондам павятовай школы Нясвіжа напярэдадні заняткаў расійскімі войскамі намі не ўстаноўлена.

Зарплата прарэктараў Навагрудскай акругі ў Нясвіжы, Слуцку, Бабруйску, Мазыры, Халопенічах была аднолькавая. У табліцах заработнай платы адсутнічае пазіцыя аплаты працы бібліятэкара. Вядома, што 4 красавіка 1778 г. камісія вызначыла заробак для бібліятэкара ў памеры 2 000 злотых і дадаткова 1 000 злотых для бібліятэкараў, якія займаліся ўпарадкаваннем кніжнага фонду паезуіцкіх бібліятэк. Аднак нам не ўдалося знайсці звестак аб атрыманні грашовых сродкаў названага памеру Адамам Шаняўскім. У 1783–1785 гг. прарэктар нясвіжскіх павятовых школ зарабляў 1 750 злотых – усяго толькі на 150 злотых больш падпарадкаваных яму прафесараў.

Апроч кіраўніцкіх, педагагічных і бібліятэчных абавязкаў шмат клопату Адаму Шаняўскаму дастаўляла абавязковая арганізацыя працяглых урачыстых мерапрыемстваў у гонар князёў Радзівілаў і павятовай шляхты, пра што сведчыць інфармацыя з ліста, адрасаванага Марціну Пачобуту-Адляніцкаму ад 31 ліпеня 1979 г.: “Grzeczności te i attencje podobają się panom a nam z subiekcją i pracą przychodzą. Lecz trudno inaczej, bez tego kadzidła, bez tych okazałości, rоzumieliby panowie i z nimi publiczność, że w szkołach nie mają dobrej edukacji i poloru dla młodzieży godnie urodzonej. Jeżeli gdzie, tedy w Nieświeżu, na tym rodzaju edukacji nie schodzi”.

Бібліятэчныя праблемы не займалі вядучага месца пры правядзенні рэформ сістэмы адукацыі. Адсутнасць упарадкавання бібліятэчнага фонду востра ставіла пытанне дакамплектавання, пра што сведчыць адзін з пунктаў Рэзалюцыі 1785 г. Галоўная віленская школа не магла правесці аналіз кніжнага фонду Нясвіжскай павятовай школы для дакамплектавання бібліятэкі неабходнай літаратурай, бо не былі складзены рэестры наяўных кніг. Настаўнікі з экс-езуітаў адмаўляліся выкладаць дысцыпліны не забяспечаныя падручнікамі. З гэтай прычыны ў Нясвіжы ў 1786–1787 гг. не выкладалі мараль.

Рэарганізацыя і пераразмеркаванне бібліятэчнага фонду езуітаў адбываліся пры ўдзеле Адама Шаняўскага. Улічваючы прызначэнне яго на пасаду прарэктара ў 1778 г., адкрытым застаецца пытанне “ці мелі ў 1773–1777 гг. дачыненне да кніжных фондаў бібліятэк дома трэцяй прабацыі і езуіцкага калегіума іншыя асобы?”. Копія акта касацыі калегіума Свята-Міхальскага 1774–1786 гг., складзеная 9 жніўня 1777 г. прэфектам Нясвіжскай павятовай школы Сімонам Букавецкім, не змяшчае звестак, якія давалі б падставу аргументаваць доступ прэфекта да бібліятэчнага фонду Нясвіжскага дома трэцяй прабацыі і навіцыяту. Лёс бібліятэкі Нясвіжскага езуіцкага калегіума, пра якую нам сёння амаль нічога невядома, патрабуе глыбокага даследавання.

Мы пастараліся з дапамогай метадаў аналізу і сінтэзу сістэматызаваць і лагічна звязаць паміж сабой сціплыя біяграфічныя звесткі, колькасныя паказчыкі і храналагічныя падзеі, накіраваныя на камплектаванне і ўпарадкаванне бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы. Гэтым невялікім даследаваннем мы хацелі пакласці сціплы пачатак даследаванню ролі Адама Шаняўскага ў бібліятэчнай справе Нясвіжа апошняй чвэрці XVIII ст. Спадзяёмся, што па меры адкрыцця звестак архіўных крыніц наша даследаванне будзе мець станоўчы працяг і Адам Шаняўскі па праве зойме дастойнае месца ў гісторыі развіцця бібліятэчнай справы Нясвіжа апошняй чвэрці XVIII ст.

Штогадовая канферэнцыя “Румянцаўскія чытанні – 2024” сабрала шматлікіх вучоных і даследчыкаў у галіне тэорыі і практыкі бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, кнігазнаўства, актуальных напрамкаў дзейнасці бібліятэк. Таксама супрацоўнікамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі былі прадстаўлены даклады: Кнігі з асабістай бібліятэкі графа М.П. Румянцава (па фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі)” (Марыя Шопіна, загадчыца навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства), “Выданне прац Ераніма Стрыдонскага 1516 года (з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі)” (Наталля Мужыла, вядучы бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства) і “Кадравы партрэт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў інтэр’еры эпохі” (Ірына Кукета, галоўны бібліятэкар навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства).

Крыніца ілюстрацыі да афішы: Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. – Минск, 2017. – Т. 5, кн. 2 : Минская область. – С. 413. (Нясвіжскі калегіум езуітаў. Гравюра Т. Макоўскага.)

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання.

Навіны

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Мінскае замчышча: раскопкі 2022–2023 гадоў

3 Май 2024

У 2021-м Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2021–2025 гады, якая, між іншага, прадугледжвае даследаванне найбольш значных помнікаў гісторыі, у тым ліку мінскае замчышча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам