У перыяд з 23 па 25 красавіка ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы праходзіць міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Румянцаўскія чытанні – 2024”.
Штогод навуковае мерапрыемства збірае спецыялістаў бібліятэк, архіваў, музеяў, навукова-даследчых інстытутаў для абмеркавання шырокага спектра пытанняў па тэорыі і практыцы бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, кнігазнаўства, актуальных праблем функцыянавання бібліятэк, пошуку перспектыўных шляхоў іх далейшага развіцця.
Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі традыцыйна ўзялі ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі ў якасці спікераў.
Загадчыца навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Марыя Шопіна выступіла на пленарным пасяджэнні з дакладам “Кнігі з асабістай бібліятэкі графа М.П. Румянцава (па фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі)”, дзе расказала пра частку кніжнай спадчыны вядомага дзяржаўнага дзеяча і мецэната Мікалая Пятровіча, якая захоўваецца цяпер у фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Былі прадстаўлены розныя віды экслібрысаў з бібліятэкі графа М.П. Румянцава, яго дароўны надпіс, кароткая інфармацыя аб кнігах з яго асабістай бібліятэкі, а таксама звесткі аб Румянцаўскім музеі.
У працы секцыі “Збіральнікі, даследчыкі, захавальнікі. Бібліятэкі і музеі ў кантэксце гісторыі” ўзяла ўдзел галоўны бібліятэкар навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Ірына Кукета. У анлайн-выступленні “Кадравы партрэт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў інтэр’еры эпохі” яна пазнаёміла калег са шматгадовым вопытам навуковага калектыву бібліятэкі па вывучэнні гісторыі бібліятэчнай справы Беларусі, у прыватнасці, праз прызму жыццёвага і прафесійнага шляху яркіх прадстаўнікоў беларускай бібліятэчнай супольнасці. Яна прадэманстравала слухачам створаны да векавога юбілею Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі электронны інфармацыйны рэсурс “Гісторыя бібліятэчнай справы Беларусі”, расказала пра далейшыя планы па яго развіцці.
У рамках дадзенай секцыі прагучаў таксама відэадаклад галоўнага бібліятэкара даведачна-інфармацыйнага аддзела Вольгі Палунчанкі “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.
Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.