ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Аляксей Антоненка – першы з беларусаў, удастоены звання Герой Савецкага Саюза ў гады Вялікай Айчыннай вайны
Зборнік ХX Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў

Прадстаўляем абноўлены віртуальны праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”: да 205-годдзя з дня нараджэння кампазітара

Прадстаўляем абноўлены віртуальны праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”: да 205-годдзя з дня нараджэння кампазітара
Іншыя навіны

5 мая адзначаецца 205-годдзе з дня нараджэння Станіслава Манюшкі (1819–1872) – сусветна вядомага кампазітара і дырыжора, нашага земляка, які зрабіў значны ўнёсак у станаўленне беларускай музычнай культуры.

Да гэтай даты Нацыянальная бібліятэка Беларусі актуалізавала ўжо дзеючы віртуальны праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, які пабачыў свет пяць гадоў таму, а сёлета папоўніўся новымі ўнікальнымі матэрыяламі.

У 2019 годзе 200-гадовы юбілей кампазітара, які быў унесены ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА, стаў выключнай падзеяй для ўсяго музычнага свету. Юбілейная дата паспрыяла значнай цікавасці да асобы і творчасці кампазітара ў розных краінах, у тым ліку і ў Беларусі, якая ўзгадавала выбітнага музыканта. У розных куточках нашай краіны разгарнулася шырокае святкаванне, былі рэалізаваны шматлікія значныя ініцыятывы. Да ўшанавання памяці знакамітага земляка далучылася і наша бібліятэка і ў межах Рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па святкаванні 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара стварыла маштабны віртуальны праект, які быў прэзентаваны на розных пляцоўках і меў шырокі рэзананс.

Сёлета да дня нараджэння земляка бібліятэка папоўніла дзеючы праект новым раздзелам “Да 205-годдзя з дня нараджэння С. Манюшкі”. У ім прадстаўлены матэрыялы пра ўсе ініцыятывы, якія ладзіліся ў гонар кампазітара за апошняе пяцігоддзе: агляд кніжных і нотных навінак з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, спісы артыкулаў з газет і часопісаў, інфармацыя пра ўшанаванне памяці кампазітара з 2019 года да нашых дзён.

Maniushka-1.jpg

Цяпер усе зацікаўленыя творчасцю Станіслава Манюшкі могуць зайсці на старонку новага раздзела і даведацца пра ўсе актуальныя ініцыятывы, якія датычацца асобы і спадчыны кампазітара.

Несумнеўным упрыгожаннем абноўленага праекта з’яўляецца ўнікальны раздзел “З архіва Вялікага тэатра Беларусі”, які ўдалося стварыць дзякуючы плённаму супрацоўніцтву бібліятэкі з архівам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. У раздзеле можна ўбачыць каштоўныя дакументы: афішы выбітных опер Станіслава Манюшкі “Галька” і “Страшны двор”, якія некалі былі прадстаўлены беларускай публіцы на сцэне Вялікага тэатра Беларусі.

Maniushka-2.jpg
З архіва Вялікага тэатра Беларусі

Раздзел змяшчае слайдары, у якіх дэманструюцца копіі ўнікальных фотаздымкаў сцэн са спектакляў манюшкаўскіх опер. Напрыклад, на адных выявах – сцэны з оперы “Галька” ў пастаноўцы 1975 года. Другія даюць магчымасць убачыць фотафрагменты “Страшнага двара” – оперы, якая доўгі час чакала сцэнічнага ўвасаблення ў Беларусі і ўпершыню пабачыла свет у 1952 годзе. На шэрагу выяў – вядомыя артысты ў вобразах герояў музычнага твора: Тамара Ніжнікава, Мікалай Сярдобаў, Міхаіл Зюванаў, Соф’я Друкер, Мікалай Ворвулеў і іншыя.

Maniushka-3.jpg
З архіва Вялікага тэатра Беларусі

На іншых здымках – пастановачная група оперы, дзе пазнаецца вядомая беларуская інтэлігенцыя: Ларыса Александроўская, Маскім Танк, Павел Масленікаў, Канстанцін Мулер, Леў Любімаў…

Maniushka-4.jpg
З архіва Вялікага тэатра Беларусі

Дзякуючы гэтым каштоўным фотаздымкам, карыстальнікам даецца рэдкая магчымасць прайсці ўвесь шлях пастаноўкі оперы: ад рэпетыцый і наказаў рэжысёра Ларысы Александроўскай перад выхадам на сцэну да авацый пасля паспяховай прэм’еры і фінальнай памятнай фатаграфіі натхнёных і шчаслівых артыстаў.

Maniushka-5.jpg

Maniushka-6.jpg
З архіва Вялікага тэатра Беларусі

Нацыянальная бібліятэка Беларусі дзякуе архіву Вялікага тэатра Беларусі за каштоўныя дакументы, якія папоўнілі і ўпрыгожылі праект.

Запрашаем усіх зацікаўленых пазнаёміцца з новымі матэрыяламі віртуальнага праекта і натхніцца музыкай нашага земляка, “музычнага рамантыка з Міншчыны”.

Матэрыял пададзены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.

Навіны

Піянерскі злёт “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”

16 Май 2024

16 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні Дня піянерскай дружбы адбылося святочнае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага злёту “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вадзім Гігін узяў удзел у “Central Asia – 2024”

16 Май 2024

16 мая ў горадзе Джызак (Рэспубліка Узбекістан) пачала сваю працу XVII Міжнародная канферэнцыя “Central Asia – 2024: інтэрнэт і інфармацыйна-бібліятэчныя рэсурсы ў навуцы, адукацыі, культуры і бізнесе”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Самаркандзе адбылася міжнародная канферэнцыя бібліятэкараў СНД

15 Май 2024

15 мая генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі бібліятэкараў СНД “Бібліятэчная Садружнасць: партнёрства і інавацыі”, якая прайшла ў рамках міждзяржаўнай праграмы “Самарканд – культурная сталіца СНД – 2024”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам