ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Творчыя заняткі “Кветкавы вяночак”
Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

Даніна памяці жыццёваму подзвігу Героя Савецкага Саюза Івана Самбука

Даніна памяці жыццёваму подзвігу Героя Савецкага Саюза Івана Самбука
Іншыя навіны

24 красавіка на базе ДУА “Сярэдняя школа № 51 г. Мінска” прайшлі тэматычныя прэзентацыі ў рамках цыкла мерапрыемстваў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Былі паказаны прэзентацыі “Рэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў дапамогу распрацоўцы часткі экспазіцыі музейнага кабінета баявой і працоўнай славы, прысвечанай Герою Савецкага Саюза Івану Елісеевічу Самбуку” і “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў”.

Увазе педагагічнага калектыву і навучэнцаў быў прадстаўлены фонд друкаваных і электронных дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў дапамогу афармленню часткі экспазіцыі музейнага кабінета баявой і працоўнай славы, прысвечанай Герою Савецкага Саюза І. Самбуку. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства былі яго сваякі – праўнук Ягор Самбук (падобны да прадзеда як дзве кроплі вады) з маці Кацярынай Самбук. Слухачы азнаёміліся з бібліяграфіяй пра Герояў Савецкага Саюза і фарсіраванні Дняпра, матэрыяламі па методыцы распрацоўкі экспазіцый школьных музеяў, калекцыямі выяўленчых дакументаў аб рацэ Днепр, магчымасцямі заказу платных тэматычных даведак і лічбавых копій фрагментаў дакументаў.

Egor_Sambuk1.jpg  Egor_Sambuk2.jpg

Акцэнт зроблены на асаблівасцях паглыбленага пошуку матэрыялаў па фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і неабходнасці іх дапаўнення інфармацыяй якасных рэсурсаў адкрытага доступу, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Расійскага дзяржаўнага ваеннага архіва. На канкрэтных прыкладах разгледжаны нюансы пошуку і сінтэзу электроннай і картачнай бібліяграфіі – персаналій, сістэматычнай і тапаграфічнай картатэк “Днепр у творах мастацтва”, “Днепр у мастацкай літаратуры”, “Баявыя дзеянні ў раёне ракі Днепр”, “Персаналіі ўдзельнікаў баявых дзеянняў у раёне ракі Днепр”, “Героі Савецкага Саюза”, “Самбук І.Е.”.

Sambuk_1.jpg

Іван Елісеевіч Самбук (1919–1979) – ураджэнец вёскі Рог Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці, камандзір агнявога ўзвода 34-га гвардзейскага артылерыйскага палка 6-й гвардзейскай стралковай дывізіі 13-й арміі Цэнтральнага фронту, гвардыі сяржант старшы. Ваяваў на Паўднёвым, Заходнім, Бранскім і Цэнтральным франтах, удзельнік Курскай бітвы. Пры фарсіраванні рэк Дзясна, Днепр і Прыпяць даручаны яму ўзвод дробным агнём спрыяў паспяховай пераправе і наступленню 34-га гвардзейскага артылерыйскага палка.

Sambuk_2.jpg

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 16 кастрычніка 1943 г.за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм гвардыі старшаму сяржанту Самбуку Івану Елісеевічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка” (№ 1792). Іншыя ўзнагароды Героя – 2 ордэны Чырвонай Зоркі, медалі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”, “Ветэран Узброеных сіл СССР”.

Эскізны праект імянной шыльды, усталяванай у яго гонар на доме № 67 на вуліцы Якуба Коласа распрацаваны групай студэнтаў пад кіраўніцтвам Армена Сяргеевіча Сардарава, дэкана архітэктурнага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ). Шыльда стваралася ў Мінскім радыётэхнічным каледжы пры падтрымцы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ).

У перыяд абарончых баёў 5–10 ліпеня 1943 г. узвод І.Е. Самбука на адкрытай агнявой пазіцыі на працягу 3-х дзён адбіваў шалёныя атакі танкаў і пяхоты праціўніка. Калі 7 ліпеня 1943 г. перавышаючыя сілы рэйха ўклініліся ў абарону Савецкай арміі (агнявую пазіцыю адрэзалі ад аддзялення, нямецкая пяхота ішла ў наступленне) – узвод Івана Елісеевіча цягам дзвюх гадзін адбіваў шалёныя атакі праціўніка і толькі з надыходам цемры дыслацыраваўся ў бяспечнае месца (радыус 6 км).

Sambuk_4.jpg

Інсталяцыя “Артылерыйскі разлік І.Е. Самбука фарсіруе Днепр на плыце са 122-мм гаўбіцай”, размешчаная ў зале “Карэнны пералом у ходзе вайны. Савецкі тыл” Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, узнаўляе рэальны баявы эпізод фарсіравання ракі артылерыйскім разлікам. З прадстаўленай 122-мм гаўбіцай (узор 1938 г. (М-30) № 12667 1943 г.) на чале разліку герой дайшоў да Эльбы і Прагі, знішчыў 7 танкаў, 18 бронетранспарцёраў, 89 кулямётаў, 39 дзотаў, 29 дотаў.

Sambuk_5.jpg

Самбук Іван Елісеевіч (цытата з сайта Музея гісторыі ВАВ):

На ўсё жыццё мне запомніліся баі на подступах да Дняпра і фарсіраванне гэтай вялікай воднай перашкоды. Мы выйшлі да Дняпра пасля імклівай атакі нашай пяхоты. Сапёры яшчэ не навялі пераправу. Кожны з нас разумеў: ворагу ніяк нельга апамятацца, сабраць свае сілы ў кулак і адбіць наша наступленне. Мы прынялі смелае рашэнне – перапраўляцца, не чакаючы падыходу пантонаў. Артылерысты з бярвення збудавалі плыт, пагрузілі гаўбіцу і адштурхнуліся ад левага берага. У вадзе рваліся снарады ворага, брыдка чмякалі міны, падымаліся фантаны вады. Манеўруючы, мы пераправілі сваю зброю на правы бераг. Замацаваліся, сталі на прамую наводку, адбівалі контратакі немцаў да падыходу нашых галоўных сіл. Мы забяспечылі артылерыйскую падтрымку нашай пяхоце. У такой жа складанай абстаноўцы мы фарсіравалі і раку Прыпяць.

Sambuk_8.png

Да вайны Іван Елісеевіч скончыў няпоўную сярэднюю школу ў вёсцы Пціч і рабфак у Навабеліцы (1938), а ў мірны час – Томскае артылерыйскае вучылішча (1945), Ваенна-інжынерную радыётэхнічную акадэмію супрацьпаветранай абароны імя Маршала Савецкага Саюза Л.А. Говарава (1956). Пасля вайны служыў у Савецкай арміі. Жыў у Мінску, будучы ў запасе (1965) выкладаў у Мінскім радыётэхнічным тэхнікуме (1965–1977). Памёр 28 мая 1979 г. Пахаваны ў Мінску. Мужнасць і самаадданасць Івана Самбука з’яўляюцца годным прыкладам любві да Радзімы для падрастаючага пакалення беларусаў.

Цыкл заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, прымеркаваны да 80-годдзя Вялікай Перамогі, уключае наступныя бібліяграфічныя ўрокі: “Непаўторная вясна 1940”, “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны”, “Воіны-інтэрнацыяналісты ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў”, “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева”.

Заказаць поўны цыкл або асобныя заняткі можна па тэлефонах: (8 017) 293 27 40(8 029) 198 41 83; e-mail: polunchenkoolga@yandex.by.

Матэрыял пададзены аддзелам даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання.

Навіны

Піянерскі злёт “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”

16 Май 2024

16 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні Дня піянерскай дружбы адбылося святочнае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага злёту “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вадзім Гігін узяў удзел у “Central Asia – 2024”

16 Май 2024

16 мая ў горадзе Джызак (Рэспубліка Узбекістан) пачала сваю працу XVII Міжнародная канферэнцыя “Central Asia – 2024: інтэрнэт і інфармацыйна-бібліятэчныя рэсурсы ў навуцы, адукацыі, культуры і бізнесе”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Самаркандзе адбылася міжнародная канферэнцыя бібліятэкараў СНД

15 Май 2024

15 мая генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі бібліятэкараў СНД “Бібліятэчная Садружнасць: партнёрства і інавацыі”, якая прайшла ў рамках міждзяржаўнай праграмы “Самарканд – культурная сталіца СНД – 2024”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам