ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Маштабны юбілей: у Літве прайшлі мерапрыемствы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання
Паэты, якія спяваюць

Калекцыя ці КВАлекцыя?

Калекцыя ці КВАлекцыя?
Іншыя навіны

Цікавыя калекцыі з самых розных прадметаў і вырабаў можна было пабачыць не так даўно на першым паверсе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Многія з іх – арыгінальныя і не падобныя адна на адну.


Дасюль памятаю, як у дзяцінстве збіраў маркі і манеты, абменьваючыся імі з такімі ж заўзятарамі-сябрамі... Асабліва каштоўнымі ў маіх міні-калекцыях былі срэбраны арабскі дырхем XI стагоддзя і набор кубінскіх марак з тамтэйшымі краявідамі. А вось некаторыя супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі займаюцца сёння не толькі традыцыйнай філатэліяй ці баністыкай, а збіраннем куды больш цікавых прадметаў і сувеніраў.

У гэтым можна было пераканацца цягам апошняга месяца, наведаўшы залу індывідуальнага абанемента на першым паверсе Нацыяналкі: тут, у некалькіх вітрынах, былі прадстаўлены цэлыя россыпы цікавых экспанатаў ад бібліятэкараў. Нехта выставіў на ўсеагульнае назіранне калекцыю лялек, хтосьці вырашыў прадставіць на суд калег і чытачоў свой збор міні-кніг, а іншыя зацікаўлівалі вырабамі з лямцу, дрэва, незвычайнымі совамі і нават лягушкамі.

Апошняя з названых калекцый – са збораў загадчыцы аддзела кнігазахоўвання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталлі Маргачовай. Па яе словах, займацца збіраннем сувенірных лягушак яна пачала яшчэ гадоў 15 таму, а ўвогуле на сённяшні дзень у яе дома “кватаруюць” каля 70 цікавых і незвычайных земнаводных.

– Гэтыя лягушкі “жывуць” у мяне на кухні, на халадзільніку, сярод кветак і нават у ванным пакоі, а таксама на лецішчы, – расказала Наталля Аляксандраўна. – Асабліва падабаюцца тыя дзве лягушкі-лайдачкі, якія ляжаць на баку, нібы адпачываючы пасля цяжкага рабочага дня. У краме я доўга думала: якую набыць – вялікую ці малую? І ў выніку набыла адразу дзве – так яны прыпалі да душы.

Цікава, што Наталля Маргачова любіць збіраць не толькі сувенірных лягушак, але і вельмі добра ставіцца да саміх гэтых жывых істот, асабліва да тых, якія жывуць на яе лецішчы ў вёсцы за семдзесят кіламетраў ад Мінска.

– Раней там было шмат жывых лягушак, – кажа Наталля Маргачова. – Я нават зрабіла ім невялікія домікі са старых збанкоў, каб яны маглі на маім участку адпачываць і хавацца ад сонца. Але, на жаль, у апошняе лета лягушак у вёсцы было малавата. Затое з’явілася шмат буслоў. Думаю, гэта ўзаемазвязана, бо буслы, як вядома, вельмі любяць ласавацца земнаводнымі.

Па словах загадчыцы аддзела, у яе калекцыі вельмі шмат так званых “грашовых” лягушак – тых, якія трымаюць у роце ці ў сваіх лапках манеты, і, па ідэі, павінны ўплываць на паляпшэнне дабрабыту ў доме свайго гаспадара. Праўда, асаблівага багацця такія сувенірныя экспанаты, па словах Наталлі Аляксандраўны, ёй пакуль не прынеслі, але добры настрой забяспечваюць заўсёды. Таксама ёсць лягушкі-тэрмометры, экспанаты, вырабленыя са шкла, керамікі, бронзы... А ўзбагачаецца лягушыная “КВАлекцыя” Наталлі Маргачовай пастаянна: то дораць нешта сябры, то прывозяць сувеніры з іншых краін свету знаёмыя, а часам і сама яна набывае ўпадабаную ёй сувенірную лягушку ў краме.

– Мяркую, калекцыя будзе папаўняцца і надалей, – адзначыла Наталля Аляксандраўна. – Ды што казаць: нават у тыя экспанаты, што я прыносіла на дэманстрацыю ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, нехта ўжо дадаў адзін свой экзэмпляр. Таму цяпер у маім зборы з’явіцца безыменная лягушка, бо ўсіх сваіх “гадаванцаў” я ведаю на памяць і магу расказаць гісторыю з’яўлення кожнага з іх.

Так што, як бачна, сувенірныя лягушкі могуць прыносіць карысць не толькі свайму гаспадару, але і ўсім навакольным людзям. І гэта невыпадкова, бо душэўная цеплыня застаецца з кожным упадабаным і сабраным экспанатам любога аматара хобі.

Аўтар публікацыі: Юрый Чарнякевіч, вядучы бібліятэкар аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала.

У наступных публікацыях мы плануем працягнуць знаёмства з арыгінальнымі калекцыямі супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Навіны

Піянерскі злёт “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”

16 Май 2024

16 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні Дня піянерскай дружбы адбылося святочнае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага злёту “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вадзім Гігін узяў удзел у “Central Asia – 2024”

16 Май 2024

16 мая ў горадзе Джызак (Рэспубліка Узбекістан) пачала сваю працу XVII Міжнародная канферэнцыя “Central Asia – 2024: інтэрнэт і інфармацыйна-бібліятэчныя рэсурсы ў навуцы, адукацыі, культуры і бізнесе”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Самаркандзе адбылася міжнародная канферэнцыя бібліятэкараў СНД

15 Май 2024

15 мая генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі бібліятэкараў СНД “Бібліятэчная Садружнасць: партнёрства і інавацыі”, якая прайшла ў рамках міждзяржаўнай праграмы “Самарканд – культурная сталіца СНД – 2024”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам