Міжнародны дзень роднай мовы вучні чацвёртых класаў школы № 138 г. Мінска адзначылі ў музеі кнігі.
Музейныя заняткі былі прысвечаны Францыску Скарыне. І гэта невыпадкова, таму што менавіта ён стаяў ля вытокаў станаўлення беларускай літаратурнай мовы. Дзякуючы адданай працы асветніка і яго паслядоўнікаў беларуская мова аформілася ў выглядзе дзяржаўнай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Скарына выступаў у ролі моўнага рэфарматара і абаронцы права свайго народа на карыстанне роднай мовай. Дзякуючы пашырэнню друкаванай кнігі беларускае слова ўвайшло ў кола еўрапейскага і агульнасусветнага моўнага працэсу.