2 сакавіка ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В. Сухога адбыўся завяршальны семінар віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па прадастаўленні магчымасцей выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў на платформе Web of Science.
Удзельнікамі семінара сталі больш за 60 слухачоў: прадстаўнікі рэктарата і прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта, маладыя вучоныя, аспіранты і магістранты.
Магчымасці работы з базамі даных і інструментамі платформы слухачам прадставіла Ірына Ціханкова (Clаrivate Analytics). Найбольшая ўвага была нададзена пытанням ацэнкі і павышэння эфектыўнасці навукова-даследчай работы ВНУ: аналізу публікацыйнай актыўнасці і цытуемасці, алгарытмам фарміравання аўтарскіх профіляў у ResearcherID і ORCID, падыходам да выбару навуковых часопісаў для размяшчэння публікацый.
Для ўдзельнікаў таксама былі прадстаўлены рэсурсы і сэрвісы віртуальнай чытальнай залы для інфармацыйнага забеспячэння навукова-даследчай і адукацыйнай дзейнасці. Прэзентацыю правёў Вячаслаў Брычкоўскі (Нацыянальная бібліятэка Беларусі).