ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
І казкі пачуць і герояў убачыць
Рэсурсы адкрытага доступу і навуковыя камунікацыі

Чытаймер поспеху

Чытаймер поспеху
Іншыя навіны

Праект “Чытаймер поспеху”, прысвечаны Году кнігі, зрабілі ў Магілёве. Дэвіз праекта – “Чытай кнігі – станавіся паспяховым чалавекам”.


Усё проста: кніга, якую параіць прачытаць вядомы чалавек альбо нават кумір, набывае двайную важкасць у вачах патэнцыйнага чытача. Нездарма на сайтах пра свецкае жыццё здараюцца падборкі фотаздымкаў, дзе папулярныя персоны ўсяго свету злоўлены папарацы за... чытаннем. Якім кнігам яны аддаюць перавагу – гэта заўсёды цікавіць фанатаў вядомых музыкантаў, акцёраў і іншых “зорак”.

Падобную ідэю ўзялі на ўзбраенне супрацоўнікі Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса ў Магілёве. Яны прапанавалі людзям, вядомым у абласным цэнтры, даць свае рэкамендацыі – на гэты раз як чытачы чытачам.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік раіць прачытаць кнігу Мікалая Барысенкі “Днепровский рубеж: трагическое лето 41-го” пра гераічную абарону Магілёва. Патрыятычны выбар зрабіла і вядомая беларуская гімнастка і алімпійская чэмпіёнка Святлана Баітава: раман Аляксандра Фадзеева “Молодая гвардия”.

Беларускіх аўтараў узгадаў гісторык, выкладчык Магілёўскага тэхналагічнага ўніверсітэта Ігар Пушкін: яго любімыя кнігі – “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча і “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра. Маладая магілёўская пісьменніца Алёна Беланожка прызналася, што творы Антуана дэ Сент-Экзюперы прымусілі яе па-іншаму паглядзець на жыццё.

Прадстаўнікі гарадской улады зрабілі свае рэкамендацыі. Старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Фёдар Міхеенка аддаў перавагу творам Рэмарка. Дарэчы, гэтага вядомага нямецкага пісьменніка ўзгадвалі многія ўдзельнікі праекта. Начальнік упраўлення адукацыі гарвыканкама Яўген Дуплеўскі адзначыў любімыя ўсімі творы Ільфа і Пятрова “Двенадцать стульев” і “Золотой теленок”: безумоўна, у нашым жыцці не хапае добрага гумару. Начальнік фінансавага аддзела Магілёўскага гарвыканкама Эльміра Варапаева, нягледзячы на, падавалася б, празаічную працу з грашыма, раіць усім чытаць Амара Хаяма.

У ліку фаварытаў супрацоўнікаў тэлерадыёкампаніі “Магілёў”: “Гордость и предубеждение” Джэйн Осцін, “Три мушкетёра” Аляксандра Дзюма, “Театр” Сомерсета Моэма, а таксама вельмі сур'ёзныя творы Аляксандра Салжаніцына і нават (вельмі нечакана!) Мікалай Астроўскі з “Как закалялась сталь”. Расійская пісьменніца Паліна Дашкава, якая прыязджала ў Магілёў на сустрэчу з чытачамі, мяркуе, што кожны чалавек павінен прачытаць “Анну Каренину” Льва Талстога і “Мёртвые души” Мікалая Гогаля.

Дарэчы, многія з рэкамендаваных магілёўцам кніг уваходзяць у вядомы спіс “1001 кніга, якую трэба прачытаць да таго, як памрэш”. Гэта вынік выбару міжнароднай групы прызнаных пісьменнікаў, крытыкаў і журналістаў.

У гарадской бібліятэцы любімыя кнігі вядомых людзей Магілёва аформлены ў выстаўку. Час ад часу наведвальнікі забіраюць кнігі тут жа, з выставачнай паліцы, каб скарыстацца рэкамендацыяй, прачытаць і атрымаць уражанне. Бібліятэкары спадзяюцца, што праект пад дэвізам “Чытай кнігі – станавіся паспяховым чалавекам” прыцягне да чытання новых аматараў.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Мінскае замчышча: раскопкі 2022–2023 гадоў

3 Май 2024

У 2021-м Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2021–2025 гады, якая, між іншага, прадугледжвае даследаванне найбольш значных помнікаў гісторыі, у тым ліку мінскае замчышча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам