ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Сустрэча з лаўрэатамі прэмій 2010 года
Ад расслаблення да руху

Новыя праекты і сюрпрызы для чытачоў

Новыя праекты і сюрпрызы для чытачоў
Іншыя навіны

Завяршыўся 2010 год. Якім ён стаў для выдавецтваў краіны? Якія кніжныя праекты можна лічыць значнымі? Чым парадуюць выдавецтвы чытачоў у новым годзе?


На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнту газеты “Літаратура і Мастацтва” адказвае Алена Паўлава, начальнік упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Алена Савельеўна, чым 2010 год стаў значным для выдавецтваў краіны?

– Мінулы год быў досыць напружаным для выдаўцоў, паліграфістаў і кнігараспаўсюджвальнікаў, але радуе той факт, што колькасць суб’ектаў выдавецкай дзейнасці не змяншаецца, значыць цікавасць да кнігавыдання па-ранейшаму высокая. Так, на 1 студзеня 2011 года Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравана 837 суб’ектаў гаспадарання (на 01.01.2010 – 804). Вядома ж, не ўсе структуры аднолькава актыўна ўдзельнічаюць у кнігавыдавецкім бізнесе, лік актыўна дзеючых прадпрыемстваў, якія фарміруюць выдавецкую сістэму Беларусі, – крыху большы за сотню.

Паводле папярэдніх дадзеных, у 2010 годзе колькасныя паказчыкі выпуску літаратуры (колькасць назваў і агульны тыраж) будуць ніжэй, чым паказчыкі папярэдняга года. Гэта абумоўлена не толькі крызіснымі з’явамі, якія адбіліся і на кнігавыдавецкай дзейнасці, але і падзеннем цікавасці да чытання ў цэлым. Так, за 9 месяцаў 2010 года было выдадзена 8 069 кніг і брашур агульным тыражом 31,5 млн. асобнікаў. У параўнанні з адпаведным перыядам 2009 года колькасць назваў зменшылася амаль на 19 працэнтаў, тыраж – на 21 працэнт. Па стане на снежань мінулага года колькасць выпушчаных назваў – 10 774, сумарны тыраж 42 млн. асобнікаў (у 2009 г. – 12 885 найменняў і 52,8 млн. асобнікаў). Самымі запатрабаванымі па-ранейшаму застаюцца вучэбныя і літаратурна-мастацкія выданні, а таксама навукова-папулярная і даведачная літаратура.

– Якія праекты мінулага года можаце адзначыць як самыя яркія ў айчынным кнігавыданні?

– Перш за ўсё хочацца адзначыць энцыклапедычныя выданні. У выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” працягваўся выпуск энцыклапедый “Гарады і вёскі Беларусі”, распачатых у 2009 годзе кніжных праектаў “Рэгіёны Беларусі”, “Прырода Беларусі”, “Энцыклапедыя для студэнтаў і школьнікаў”, ажыццёўлены выпуск першага тома новага выдання “Культура Беларусі”. Чарговыя тамы гэтых энцыклапедый пабачаць свет у 2011 годзе. Завяршэннем выпушчанага раней двухтомнага выдання стаў трэці том энцыклапедыі “Вялікае Княства Літоўскае”. Удалымі падаюцца і іншыя выдавецкія праекты “БелЭн”, якія распачаліся ў 2010 годзе. Гэта серыя “Энцыклапедыя рарытэтаў”, пачаткам якой стаў альбом “Радзівілы. Альбом партрэтаў XVIII – XIX стагоддзяў”. Серыю “Современное белорусское искусство” адкрыў альбом “Современная белорусская живопись. XXI век”. Безумоўна, поспехам можна лічыць кнігу “Беларускае замежжа”, укладальнікам якой выступіла вядомы гісторык і аўтар многіх папулярных сярод чытачоў кніг Наталля Голубева.

Творчым поспехам выдавецтва “Беларусь” можна назваць багата ілюстраваны трохтомнік Б. Лазукі “Гісторыя сусветнага мастацтва”, першыя дзве кнігі якога пабачылі свет у 2010 годзе, а таксама кнігу Юрыя Бохана “Ваяры Грунвальдскай бітвы”.

На працягу года дзяржаўныя выдавецтвы працягвалі выпуск збораў твораў класікаў беларускай літаратуры ― Максіма Танка і Якуба Коласа, выпушчаны першыя тамы збору твораў Івана Шамякіна (у 23 тамах). У 2011 годзе распачнецца выпуск збору твораў Івана Навуменкі (у 10 тамах).

Выдавецтва “Мастацкая літаратура” працягвае выпуск літаратурна-мастацкіх твораў беларускіх аўтараў у серыях “Беларуская паэзія ХХ (ХХІ) стагоддзя”, “Проза ХХ (ХХІ) стагоддзя”, “Залатое пяро”, “Вера. Надзея. Любоў”, “Гісторыя ў асобах”, “Беларусь літаратурная”, дзіцячых кніг у серыях “Скарбы роднай прыроды”, “Казачны свет”, “Казка за казкай”. 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прысвечана падарункавае перавыданне знаёмай з дзяцінства кнігі “Никогда не забудем”.

Творчым поспехам РВУ “Літаратура і Мастацтва” можна смела лічыць кнігу паэзіі “Сад на шляпке возлюбленной” Раісы Баравіковай, альбомы “Плакаты Великой Отечественной войны”, “Слуцкая палитра”, кнігу Армэна Сардарава і Адама Мальдзіса “Даўняя Беларусь: З настальгіяй аб мінулым”. У 2010 годзе мы адзначалі 80-годдзе Уладзіміра Караткевіча, таму значным падаецца выхад у РВУ зборніка “Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы”, а таксама перавыданне кнігі Адама Мальдзіса “Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча”.

Радуюць выдавецтвы і новымі дзіцячымі кнігамі. Сярод іх ― “Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў” Раісы Баравіковай, “Першая прыгажуня” Алены Масла, зборнік “Сказки детей Беларуси” (РВУ “Літаратура і Мастацтва”).

– Мінулы год быў дастаткова актыўным з пункта гледжання ўдзелу ў міжнародных кніжных выстаўках…

– Сапраўды, прадпрыемствы галіны прынялі ўдзел у многіх міжнародных кніжных выстаўках (Масква, Вільнюс, Санкт-Пецярбург, Кіеў, Варшава, Франкфурт-на-Майне), дзе на калектыўнай экспазіцыі прадстаўлялі нацыянальнае кнігавыданне. Асабліва хочацца адзначыць удзел Беларусі ў ХХІІІ Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў якасці ганаровага госця. Больш як чатыры дзясяткі вядучых выдавецтваў, паліграфічных прадпрыемстваў прадставілі звыш тысячы лепшых узораў прадукцыі ў межах экспазіцыі Рэспублікі Беларусь. У 2011 годзе Беларусь запрошана выступіць ганаровым госцем на Варшаўскай міжнароднай кніжнай выстаўцы.

– Зацверджаны выдавецкія планы на 2011 год…

– Адметнай асаблівасцю фарміравання плана выпуску сацыяльна значнай літаратуры сёлета стала стварэнне Экспертнага савета, у склад якога апроч спецыялістаў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь увайшлі прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі, Міністэрства адукацыі краіны, Саюза пісьменнікаў Беларусі, супрацоўнікі бібліятэк. Савет створаны з мэтай забеспячэння аб’ектыўнага падыходу пры адборы выданняў для ўключэння ў план, выпуску запатрабаваных бібліятэкамі і кнігагандлёвымі арганізацыямі кніг, больш рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, якія выдзяляюцца дзяржавай на падтрымку нацыянальнага кнігавыдання. Прыярытэты ў плане выпуску сацыяльна значнай літаратуры на 2011 год аддадзены, як і раней, энцыклапедычным выданням, якія працягваюцца, літаратурна-мастацкім творам беларускіх аўтараў і, вядома ж, дзіцячым кнігам. Працягнецца выпуск кніг серыі “Школьная бібліятэка” для вучняў агульнаадукацыйных школ і дзяцей-інвалідаў па зроку (шрыфтам Брайля). Гэтыя кнігі цалкам фінансуюцца дзяржавай. Дзяржава па-ранейшаму аказвае дапамогу выдавецтвам у выглядзе выдзялення субсідый з мэтай зніжэння кошту кнігі. 115 кніг, якія ўвайшлі ў фінансуемы дзяржзаказ, стануць больш даступнымі для спажыўцоў.

Выдавецтвам “БелЭн” плануецца працяг серый “Энцыклапедыя рарытэтаў” і “Современное белорусское искусство”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура” распачне выпуск новай серыі “Залатая калекцыя беларускай літаратуры” (у 50 тамах). Пяць першых тамоў, прысвечаных літаратуры XI ― пачатку XX стст., пабачаць свет у 2011 годзе. Гэтыя і многія іншыя выдавецкія праекты будуць радаваць чытачоў на працягу ўсяго года.

– У 2010 годзе пабачыла свет шмат кніг, прысвечаных значным датам. Якія юбілеі творцаў стануць і выдавецкімі падзеямі гэтага года?

– 2011 год будзе адзначаны святкаваннем 120-годдзя Максіма Багдановіча. Рыхтуюцца да выпуску энцыклапедыя “Максім Багдановіч”, факсімільнае выданне кнігі вершаў “Вянок”, кніга “Пясняр чыстае красы” серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, прысвечаная жыццю і творчасці М. Багдановіча. Працягнецца (а ў 2012 годзе будзе завершаны) выпуск збору твораў Я. Коласа (у 20 тамах). 130-годдзю народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, якое мы будзем адзначаць у 2012 годзе, прысвечана і кніга-альбом А. Клешчука “Мне сняцца сны аб Беларусі”, што рыхтуецца да выпуску.

Крыніца: Газета “Літаратура і Мастацтва”

Навіны

Зала дакументаў па мастацтве прапануе: рубрыка “Асобы. Даты. Падзеі”

18 Май 2024

Штогод 18 мая больш чым у 150 краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень музеяў, які шырока святкуецца і ў нашай краіне ў рамках акцыі “Ноч музеяў”. У межах пастаяннай рубрыкі “Асобы. Даты. Падзеі”, якая ладзіцца ў зале мастацтваў (пам. 306), запрашаем пазнаёміцца з кніжнай выстаўкай “Па маршрутах беларускіх музеяў”, прысвечанай айчыннай музейнай справе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Піянерскі злёт “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”

16 Май 2024

16 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні Дня піянерскай дружбы адбылося святочнае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага злёту “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вадзім Гігін узяў удзел у “Central Asia – 2024”

16 Май 2024

16 мая ў горадзе Джызак (Рэспубліка Узбекістан) пачала сваю працу XVII Міжнародная канферэнцыя “Central Asia – 2024: інтэрнэт і інфармацыйна-бібліятэчныя рэсурсы ў навуцы, адукацыі, культуры і бізнесе”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам