Да Дня праваслаўнай кнігі і 440-годдзя выдання Евангелля Пятра Мсціслаўца ў музеі кнігі была арганізавана выстаўка адной кнігі “Евангелле напрастольнае”.
14 сакавіка Беларуская праваслаўная царква адзначае Дзень праваслаўнай кнігі. Штогадовае свята было заснавана ў 2009 годзе Сінодам Рускай праваслаўнай царквы. Яно прымеркавана да выдання першай на Русі датаванай друкаванай кнігі Івана Фёдарава “Апостал” (1564).
У рамках гэтага свята на выстаўцы ў музеі кнігі дэманстраваўся выдатны помнік славянскага пісьменства XVI ст. – “Евангелле напрастольнае”, выдадзенае Пятром Мсціслаўцам у 1575 г. у Вільні.
Пётр Цімафеевіч Мсціславец (? – пасля 1576) – вядомы ўсходнеславянскі першадрукар, гравёр, паслядоўнік Францыска Скарыны, паплечнік Івана Фёдарава, адзін з заснавальнікаў кнігадрукавання ў Маскоўскай Русі і на Украіне.
У 1574–1576 гг. Пётр Мсціславец працаваў у віленскай друкарні Мамонічаў. Тут друкар выпусціў тры кнігі – “Евангелле напрастольнае” (1575) з выявамі евангелістаў, “Псалтыр” (1576) з гравіраваным франтыспісам і “Часоўнік” (паміж 1574 і 1576).
Евангелле выдадзена фарматам у адзін аркуш і надрукавана буйным выразным шрыфтам, які потым стаў узорам для так званых евангельскіх шрыфтоў. Набор вызначаецца высокай дакладнасцю і тэхнічнай бездакорнасцю. Чатыры гравюры евангелістаў выкананы ў асаблівым стылі фігурных выяў, які адыграў важную ролю ў далейшым удасканаленні кніжнай гравюры.
Выданні Пятра Мсціслаўца аказалі значны ўплыў на кнігадрукаванне ў Вялікім Княстве Літоўскім i пакінулі значны след у развіцці асветы.
Выстаўка працавала з 14 сакавіка 2015 г.