ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2015 г.На скрыжаванні шляхоў...

На скрыжаванні шляхоў...

Беларускія землі на працягу стагоддзяў уваходзілі ў розныя дзяржаўныя ўтварэнні: старажытнарускую дзяржаву, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітую, Расійскую імперыю. Складаныя гістарычныя працэсы знайшлі сваё адлюстраванне і ў назвах беларускіх тэрыторый: “Сарматыя” або “Еўрапейская Сарматыя”, “Літва”, “Русь”, “Белая Русь” і інш.

На выстаўцы экспанаваліся старадрукі, еўрапейскія карты і атласы ХV–XVIII стст., а таксама асобныя выданні рускай картаграфіі XVIII ст. з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Сярод іх датаваныя картаграфічныя выявы са знакамітай “Кнігі хронік” Г. Шэдэля (1493). Выявы і назвы беларускіх гарадоў, паселішчаў і рэк можна знайсці на рарытэтных тэкставых картах з вядомых гістарычных і геаграфічных прац XVI ст. (Г.Ю. Салін (1538), І. Штумпф (1548)). Былі прадстаўлены арыгіналы першай асобнай геаграфічнай карты Вялікага Княства Літоўскага Г. Меркатара (1595), першай буйнамаштабнай дакладнай карты Вялікага Княства Літоўскага, якую таксама называюць “Радзівілаўская карта” (перавыданне 1640). З еўрапейскіх картаграфічных матэрыялаў XVII–XVIII стст. выдзяляюцца атлас Еўропы французскага каралеўскага картографа М. Сансона д’Абэвіля (1640–1660), падрабязная карта Польшчы італьянскага картографа і географа Дж. А. Рыцы-Заноні (1772). Тэрыторыя Беларусі ў складзе Расійскай імперыі адлюстравана на картах канца XVIII – пачатку ХІХ ст. з выдатных атласаў частак зямнога шара, выдадзеных у Санкт-Пецярбургу.

Побач з творамі картаграфіі ў экспазіцыі прадстаўлены асобныя старонкі старадрукаў і рэчавыя помнікі беларускага насельніцтва XV–XVIII cтст. з фондаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі і прыватнай калекцыі І.В. Сурмачэўскага.

Выстаўка працавала з 1 кастрычніка па 30 лістапада 2015 г.

Тэлефоны для даведак: (8 017) 293 27 56, 293 27 22.

Е-mail: pr@nlb.by

111