З мэтай вызначэння шляхоў аптымізацыі абслугоўвання чытачоў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) у 2002 г. было праведзена сацыялагічнае даследаванне "Чытач Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: пошук шляхоў аптымізацыі абслугоўвання". Акрамя такіх традыцыйных метадаў збору інфармацыі, як анкетнае апытанне і інтэрв’ю, праводзілася назіранне за выкарыстаннем дапаможных фондаў, а таксама аналізаваліся дакументы (чытацкія патрабаванні на друкаваныя выданні з асноўнага кнігасховішча). У выніку была складзена агульная характарыстыка чытача Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама выяўлены праблемы, што ўзнікаюць пры абслугоўванні чытачоў.
Па выніках дадзенага даследавання былі зроблены рэкамендацыі па распрацоўцы памятак чытачам, удасканаленні арыентуючай інфармацыі ў бібліятэцы, арганізацыі дапаможнага фонду і г.д. Акрамя таго, ведаючы, што самая прадстаўнічая група карыстальнікаў НББ – студэнты, быў вызначаны іх попыт на вучэбную літаратуру і ажыццёўлена каардынацыя з бібліятэкамі ВНУ. Запатрабаванні і пажаданні карыстальнікаў, выяўленыя ў выніку гэтага даследавання, былі ўлічаны пры распрацоўцы канцэпцыі абслугоўвання ў новым будынку: сёння ў НББ працуе дзіцячы пакой, каб чытач мог прыйсці з дзіцём і пакінуць яго там на час сваёй працы ў бібліятэцы; “хворым месцам” заўсёды была арганізацыя грамадскага харчавання – у новым будынку працуюць тры кафэ і рэстаран; акрамя таго, функцыянуе фізкультурна-аздараўленчы комплекс і г.д. Для навуковых работнікаў створаныя ўмовы для камфортнай працы – асобныя кабіны.