Даследаванне зарэгістравана ў БелІСА (№ дзяржрэгістрацыі 20130251 ад 26.03.2013)
Даследаванне, арганізаванае і ажыццёўленае Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў 2013–2014 гг., з’яўляецца важнай крыніцай інфармацыі для падвядзення вынікаў эксперымента па аб’яднанні школьных і публічных бібліятэк у сельскай мясцовасці, праведзенага ў Рэспубліцы Беларусь у 2011–2012 гг. Значнасць НДР заключаецца ў рознабаковым вывучэнні эфектыўнасці функцыянавання аб’яднаных бібліятэк, размешчаных у сельскай мясцовасці, не толькі з пункта гледжання эканамічнай мэтазгоднасці, але і сацыяльнай і вытворчай карыснасці.
У выніку даследавання была вывучана ацэнка ключавымі групамі (карыстальнікі і некарыстальнікі бібліятэк, работнікі бібліятэк і прадстаўнікі дзяржаўнага кіравання ў галіне культуры) ролі бібліятэкі ў жыцці сельскага супольніцтва і праведзены параўнальны аналіз. Былі выяўлены наяўнасць, склад і прычыны магчымых змяненняў у бібліятэчным абслугоўванні па мностве параметраў. Вызначаны найбольш запатрабаваныя, на думку карыстальнікаў і бібліятэкараў, паслугі бібліятэк, прапановы па пашырэнні пераліку аказваемых паслуг, вывучаны патэнцыяльны попыт на паслугі бібліятэкі сярод некарыстальнікаў. У выніку даследчай работы прааналізаваны і супастаўлены прапановы па паляпшэнні якасці работы бібліятэкі сярод карыстальнікаў і бібліятэкараў. Акрамя таго, удалося выявіць асноўныя прычыны, па якіх частка жыхароў не карыстаецца або перастала карыстацца паслугамі бібліятэкі, і правесці параўнальны аналіз думак бібліятэкараў і некарыстальнікаў па гэтай праблеме.
Важнай часткай даследавання з’яўляўся параўнальны аналіз вытворчай і эканамічнай эфектыўнасці эксперымента па аб’яднанні бібліятэк у сельскай мясцовасці да аб’яднання і пасля на падставе розных паказчыкаў, а таксама грамадская думка адносна эксперымента.
Рэзультаты даследавання дазваляюць ацаніць вынікі праведзенага эксперымента з пункта гледжання павышэння эфектыўнасці функцыянавання бібліятэк і з’яўляюцца асновай для распрацоўкі навукова абгрунтаваных рэкамендацый па далейшым правядзенні эксперымента па аб’яднанні сельскіх школьных і публічных бібліятэк. Давядзенне рэзультатаў даследавання да канчатковага спажыўца, г.зн. органаў дзяржаўнага кіравання і спецыялістаў бібліятэк дазволіць палепшыць арганізацыю бібліятэчнага абслугоўвання ў аб’яднаных бібліятэках, а таксама павысіць яго якасць.