Даследаванне зарэгістравана ў БелІСА (№ дзяржрэгістрацыі 20082211 ад 28.08.2008 г.).
Фонды НББ выступаюць падмуркам інфармацыйна-бібліятэчнай дзейнасці бібліятэк. З мэтай удасканалення функцыянавання іх арганізуюць у сістэму, заснаваную на дыферэнцыяцыі фондаў у адпаведнасці з задачамі, якія стаяць перад бібліятэкай. Паколькі гэтыя задачы знаходзяцца ў прамой залежнасці ад дынамічнага развіцця грамадства, а спосабы іх рэалізацыі – ад узроўню навукова-тэхнічнага прагрэсу, сістэма фондаў павінна быць дастаткова мабільнай, каб своечасова адлюстроўваць змены, якія адбываюцца. У адваротным выпадку арганізацыя фонду становіцца стрымліваючым фактарам ў распаўсюджванні і выкарыстанні інфармацыі.
Новы будынак НББ дазволіў аптымізаваць арганізацыю фондаў бібліятэкі і наблізіць найбольш актуальныя выданні да чытачоў. Ад якасці дапаможных фондаў, г.зн. ад іх рэлевантнасці, дакладнасці, інфармацыйнай напоўненасці залежыць якасць інфармацыйнага пошуку і, у канчатковым выпадку, якасць абслугоўвання карыстальнікаў. З мэтай аналізу адпаведнасці дапаможных фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі інфармацыйным патрэбам карыстальнікаў праводзіцца даследаванне "Эфектыўнасць выкарыстання дапаможных фондаў НББ", вынікам якога будзе выпрацоўка навукова абгрунтаваных рэкамендацый па аптымізацыі дапаможных фондаў, іх арганізацыі, камплектаванні літаратурай, якая карыстаецца найбольшым попытам і г.д.
У цяперашні час апытаны чытачы бібліятэкі з дапамогай метаду анкетнага апытвання, атрыманая інфармацыя ўведзена і апрацавана ЭВМ. На аснове атрыманых даных будуць выпрацаваны рэкамендацыі па паляпшэнні работы дапаможных фондаў.