Працэс стварэння баз даных у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (НББ) пачаты ў 1993 годзе. На сённяшні дзень у бібліятэцы існуе пэўная колькасць баз даных з рознай ступенню глыбіні раскрыцця зместу дакументаў (паўнатэкставыя, рэфератыўныя, бібліяграфічныя, фактаграфічныя, графічныя, камбінаваныя). Стварэнне баз даных на аснове ўласнай калекцыі дакументаў дазваляе бібліятэцы забяспечыць сваіх карыстальнікаў новымі паслугамі (сэрвісам) і напрацаваць свой электронны рэсурс для абмену і продажу.
З’яўляючыся вядучым рэспубліканскім інфармацыйным цэнтрам, НББ павінна быць найбольш адчувальная да змен, якія адбываюцца на інфармацыйным рынку. Таму неабходным стала комплекснае вывучэнне ролі і месца НББ на рынку інфармацыйных прадуктаў і паслуг. Прычым пры аналізе дадзенай праблемы неабходна было ўлічваць два аспекты. З аднаго боку, трэба было звярнуць асаблівую ўвагу на той факт, што бібліятэка з’яўляецца важным звяном у ланцугу аўтар – выдавец – інфармацыйны пасрэднік – чытач, цесна ўзаемадзейнічае як з выдаўцамі, так і са спажыўцамі інфармацыі, у сувязі з чым ёй неабходна пастаянна вывучаць як рынак вытворцаў электронных інфармацыйных прадуктаў і паслуг (яго структуру і інфраструктуру), так і патрэбы сваіх карыстальнікаў для найбольш якаснага і своечасовага іх задавальнення. З другога боку, НББ выступае ў якасці вытворцы электронных інфармацыйных рэсурсаў. І для таго, каб створаны ёю інфармацыйны прадукт быў запатрабаваны, неабходна, каб ён адпавядаў сусветным крытэрыям якасці. Для вывучэння гэтай праблемы было праведзена сацыялагічнае даследаванне "НББ на рынку інфармацыйных прадуктаў і паслуг: базы даных НББ уласнай генерацыі і іх стан".
У выніку было вывучана, наколькі стандартызавана працэдура электроннага прадстаўлення інфармацыйных рэсурсаў, прааналізавана мэтазгоднасць прадaстаўлення баз даных НББ у аддаленым доступе, выяўлена частата актуалізацыі баз даных ва ўмовах пастаяннага пашырэння інфармацыйнага патоку, складзены рэйтынг паслуг, што прадастаўляюцца на аснове баз даных, прааналізаваны замежны вопыт стварэння інфармацыйнай прадукцыі падобнага роду.