23 лютага ў бібліятэцы прайшло святочнае мерапрыемства “Дужы мужчына”, прысвечанае Дню абаронцы Айчыны.
Рабочы пятнічны дзень для дужай паловы Нацыянальнай бібліятэкі пачаўся са святочнага пастраення і ўрачыстага шэсця пад апладысменты мілых дам.
Дзіўна, але 23 лютага – гэта адзіны дзень у годзе, калі можна павітаць адразу ўсіх нашых калег-мужчын, самых разумных, спагадлівых і надзейных, і выказаць ім словы любві і ўдзячнасці. Бо менавіта яны кожны рабочы дзень падстаўляюць нам плячо, падтрымліваюць, дораць кампліменты і знаходзяць рацыянальныя адказы на нашы не заўсёды лагічныя пытанні.
Ад усяго калектыву цёплыя пажаданні мужчынам Нацыянальнай бібліятэкі выказалі першы намеснік дырэктара Алена Далгаполава і галоўны бухгалтар Валянціна Кафарава.
Яркімі нумарамі віноўнікаў свята павіншавалі ўдзельнікі танцавальнага ансамблю “Асарці” і школы капаэйры “Grupo Capoeira”, чароўная выканаўца Вераніка Цубікава, вядомая беларуская спявачка, тэлевядучая Ніна Багданава і нашы таленавітыя супрацоўніцы Наталля Башкірава, Наталля Жывалкоўская і Святлана Гаўрылава.
Шчыра віншуем вас, дарагія мужчыны Нацыянальнай бібліятэкі, з Днём абаронцы Айчыны! Жадаем моцнага здароўя, любві, дастатку, новых пачынанняў, якія прынясуць поспех і дабрабыт! Няхай любая вяршыня скараецца вашай мужнасці, упартасці і моцы!