14 лютага ў галерэі “Ракурс” (2-гі паверх) адкрылася выстаўка “Маляўнічыя арнаменты родных моў”, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.
Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, закліканы садзейнічаць моўнай разнастайнасці і захаванню культурных традыцый, што грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.
Беларускі і ўкраінскі народы заўсёды знаходзіліся ў адносінах сяброўства і ўзаемапавагі. Так склалася гістарычна, што нашы мовы вельмі блізкія, падобныя між сабой, але ж кожная – са сваім нацыянальным каларытам і характарам, што найперш знаходзіць адлюстраванне ў народнай творчасці. Пра гэта распавядае выстаўка вышыўкі, жывапісу і слова.
Украінская вышыўка – духоўны абярэг культурнай спадчыны, які знайшоў сваё ўвасабленне ў народным побыце і гардэробе ўкраінцаў. На выстаўцы яна прадстаўлена ручнікамі майстрых Алены Дудко, Мар’яны Жукоўскай, Іны Мох, Надзеі Німко, Вольгі Сухарэнкі, Дар’і Ясюкевіч. Розныя па часе стварэння і сваім прызначэнні ручнікі аднолькава ўражваюць яркасцю і шчодрасцю арнаментальнай палітры.
На мове фарбаў і колераў захапленне да беларускіх і ўкраінскіх краявідаў выказала ў сваіх карцінах украінская мастак-аматар Алена Васільева. А кнігі ў экспазіцыі “Родная мова – крыніца натхнення” адлюстроўваюць мілагучнасць і прыгажосць родных слоў.
У вернісажы ўзялі ўдзел першы намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена Далгаполава, першы сакратар Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Іван Башняк, намеснік дэкана філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Павел Навойчык, навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі Марыя Віннікава, украінскі мастак-аматар Алена Васільева, старшыня Мінскага гарадскога аб’яднання ўкраінцаў “Заповіт” Галіна Калюжная, народны майстар Беларусі па вышыўцы Надзея Німко, кіраўнік Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра” Віктар Гутоўскі.
Сучасны свет адкрывае тысячы магчымасцей – вандруй, шукай сваё месца, адкрывай новыя культуры. І заўсёды памятай: не важна, колькі кіламетраў аддзяляюць цябе ад Радзімы і якую мову ты ўжываеш – усё ж такі роднай, адзінай і непаўторнай, застаецца мова продкаў.
Запрашаем аматараў народнай творчасці наведаць выстаўку да 21 лютага 2018 года.
Дата заканчэння работы выстаўкі можа быць зменена.
Тэлефон для даведак: (8 017) 266 37 37.
Е-mail: pr@nlb.by