Лічыцца, што праца і каханне – паняцці несумяшчальныя. Але толькі не 14 лютага! Нацыянальная бібліятэка не абышла ўвагай Дзень усіх закаханых, падарыўшы супрацоўнікам і наведвальнікам святочную атмасферу. Паглядзім, як гэта было.
Атрыум другога паверха ўпрыгожыла рамантычная фотазона. Любы жадаючы мог сфатаграфавацца ў дэкарацыях з арыгінальнымі аксэсуарамі і атрыбутамі амурнага свята. Разыначкай фотазоны стала сэрца з хэш-тэгам #NLB і кнігі пра каханне.
Дзень Святога Валянціна – гэта пробліск вясны сярод зімы і снегу. Бо нішто так не сагравае, як цёплыя пажаданні, прызнанні ў каханні і песні, прысвечаныя гэтаму цудоўнаму пачуццю.
У гонар свята ў галерэі “Ракурс” разгарнуўся караоке-клуб “Каханне – гэта ... спяваць разам не трапляючы ў ноты”, дзе супрацоўнікі бібліятэкі дарылі сваім калегам рамантычныя кампазіцыі любімых выканаўцаў. Нягледзячы на назву караоке-зоны (гл. вышэй!), у ноты патрапілі ўсе (ну, ці амаль усе).
Калі па якіх-небудзь прычынах (былі вельмі занятыя, не паспелі купіць падарункі і інш.) вас пакуль не апанаваў святочны настрой, не адчайвайцеся – увесь вечар яшчэ наперадзе. Прысмакі, валянцінкі, паветраныя шары і любімыя людзі побач – вось рэцэпт цудоўнага настрою ў самы рамантычны дзень года. Кахання ўсім!