ГалоўнаяПаслугiВіртуальныя сервісыВіртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацыйМіжнародныя адукацыйныя і навуковыя праграмы, стыпендыі, грантыМіжнародныя праграмы, стыпендыі, гранты для навуковых супрацоўнікаў і аспірантаў

Міжнародныя праграмы, стыпендыі, гранты для навуковых супрацоўнікаў і аспірантаў

У гэтым раздзеле прапануецца інфармацыя пра міжнародныя праграмы стыпендыяльнай падтрымкі для правядзення навуковых даследаванняў, навучання, навуковых стажыровак за мяжой, у якіх могуць удзельнічаць грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Вышаградская стыпендыяльная праграма

Вышаградскі фонд, заснаваны ўрадамі чатырох краін Цэнтральнай Еўропы, прапануе магістрантам і выпускнікам магістратуры магчымасць навучання і правядзення паслядыпломных даследчых праектаў ва ўніверсітэтах краін Вышаградскай групы: Венгрыі, Польшчы, Славакіі і Чэхіі. Для падачы заяўкі прэтэндэнтам неабходна загадзя выбраць акрэдытаваную навучальную ўстанову і прыкласці яе пісьмовае пацверджанне аб прыёме на навучанне. Працягласць праграм для магістрантаў складае 1–4 семестры, постмагістарскіх праграм – 1–2 семестры.

Прыём заявак: да 15 сакавіка (штогод).

Гранты Інстытута Генры Мура

Праграма грантаў Фонду Генры Мура (Вялікабрытанія) накіравана на падтрымку і развіццё мастацтва скульптуры, а таксама навуковых даследаванняў, якія спрыяюць яго шырокаму грамадскаму прызнанню. Фінансаванне можа прадстаўляцца для правядзення выстаў, лекцый, канферэнцый і іншых мерапрыемстваў, прысвечаных скульптуры, выдання каталогаў, кніг і часопісаў, набыцця і кансервацыі экспанатаў, ініцыятыў па стварэнні новых мастацкіх аб’ектаў. Акрамя таго, фондам прысуджаюцца гранты арганізацыям для працяглых навуковых даследаванняў і прыватным асобам для работы над індывідуальнымі навуковымі праектамі, уключаючы даследчыцкія візіты і гранты на падарожжы.

Прыём заявак: з 1 мая па 1 чэрвеня, з 1 жніўня па 1 верасня, з 1 лістапада па 1 снежня 2024 г., з 1 лютага па 1 сакавіка 2025 г.

Гранты на падарожжы – Фонды Бёрынгер Інгельхайм

Фонды Бёрынгер Інгельхайм (Германія) прапануюць гранты на падарожжы працягласцю да 3 месяцаў маладым даследчыкам, якія працуюць над магістарскімі, кандыдацкімі (PhD) або постдоктарскімі эксперыментальнымі праектамі ў галіне біямедыцыны. Праграма прызначана для фінансавання кароткатэрміновых паездак з мэтай правядзення даследаванняў у рамках праекту ці ўдзелу ў практычных навуковых семінарах у Еўропе і па-за яе межамі. На гранты могуць прэтэндаваць студэнты і аспіранты, якія паступілі ва ўніверсітэт не больш за 11 год таму, і даследчыкі з кандыдацкай ступенню, якія паступілі ва ўніверсітэт не больш за 13 год таму.

Прыём заявак: не пазней за 6 тыдняў і не раней за 6 месяцаў да планаванай паездкі.

Гранты Фонду імя Герды Хенкель на даследаванні ў галіне гуманітарных навук

Фонд імя Герды Хенкель прапануе фінансаванне даследчых стыпендый і праектаў у галіне гуманітарных навук для аспірантаў і ўладальнікаў кандыдацкай ступені, а таксама вучоных на далейшых ступенях навуковай кар’еры. Заяўкі на стыпендыі прымаюцца ад фізічных асоб; на фінансаванне даследчых праектаў – таксама ад навуковых калектываў, універсітэтаў і іншых навукова-даследчых арганізацый. Тэматыка праектаў – археалогія і гісторыя, уключаючы гісторыю мастацтва, навукі і права. Працягласць праграмы падтрымкі – ад 1 да 24 месяцаў.

Прыём заявак: да 22 мая і 22 лістапада 2024 года; на гранты памерам да 30000 еўра – на працягу цэлага года.

Дактаранцкія стыпендыі Фондаў Бёрынгер Інгельхайм

Фонды Бёрынгер Інгельхайм (Германія) прапануюць стыпендыяльную падтрымку выбітным маладым навукоўцам, якія жадаюць праводзіць даследаванні для атрымання кандыдацкай ступені (PhD) у галіне біямедыцыны ў вядучых лабараторыях свету. Праекты павінны быць эксперыментальнымі, прысвечанымі тэарэтычнай медыцыне і вывучэнню асноў біялагічнага феномену чалавечага жыцця. Працягласць праграмы – 2–3,5 гады.

Прыём заявак: да 1 лютага, да 1 чэрвеня і да 1 кастрычніка (штогод).

Марбахская стыпендыяльная праграма

Праграма стыпендыяльнай падтрымкі даследчыцкай працы з фондамі Нямецкага літаратурнага архіва ў Марбаху-на Некары для спецыялістаў з закончанай вышэйшай адукацыяй; магчымыя таксама кароткатэрміновыя стыпендыі для магістрантаў. Дадаткова архіў прапануе тэматычныя гранты, якія фінансуюцца партнёрскімі інстытутамі і арганізацыямі. Падаючы заяўку, прэтэндэнты мусяць у ёй абгрунтаваць неабходнасць працы з унікальнымі фондамі архіва, бібліятэкі, інфармацыйнага цэнтра ці калекцыі твораў мастацтва. Заяўкі могуць падавацца на нямецкай або англійскай мове.

Прыём заявак: да 31 сакавіка і да 30 верасня (штогод).

Міжнародная стыпендыяльная праграма для аспірантаў SINGA (Сінгапур)

Стыпендыяльная праграма SINGA прапануе выпускнікам ВНУ магчымасць навучацца і праводзіць навуковыя даследаванні ў інстытутах Агенцтва навукі, тэхналогій і даследаванняў A*STAR і чатырох вядучых універсітэтах Сінгапура. Меркаваныя галіны даследаванняў – біямедыцына, інфармацыйна-вылічальныя тэхналогіі, інжынерна-тэхнічныя і прыродазнаўчыя навукі. Неабходны добры ўзровень валодання англійскай мовай. Пасля паспяховага заканчэння навучання ўдзельнікам праграмы прысвойваецца ступень PhD адным з універсітэтаў. Працягласць праграмы – да 4 гадоў.

Прыём заявак: да 1 чэрвеня 2024 г. (да 23:59 GMT+8).

Нацыянальная стыпендыяльная праграма Славацкай Рэспублікі

Стыпендыя ўрада Славацкай Рэспублікі створана для падтрымкі мабільнасці замежных студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ, аспірантаў, навуковых супрацоўнікаў і дзеячаў мастацтва і вылучаецца для праходжання вучэбнай, выкладчыцкай, навукова-даследчай або мастацкай стажыроўкі ў ВНУ і навукова-даследчых арганізацыях Славакіі.

Прыём заявак:

  • да 31 кастрычніка – для стажыроўкі на працягу летняга семестра бягучага навучальнага года;
  • да 30 красавіка – для стажыроўкі на працягу наступнага навучальнага года.

Постдоктарскія стыпендыі імя Макса Вебера

Стыпендыяльная праграма Еўрапейскага ўніверсітэцкага інстытута (Італія) прызначана для даследчыкаў, якія атрымалі кандыдацкую ступень (PhD) на момант пачатку праграмы, але не больш за 5 гадоў назад. Меркаваная галіна навуковай дзейнасці: палітычныя і грамадскія навукі, эканоміка, права, гісторыя. Працягласць праграмы: 1–2 гады; у некаторых выпадках – да 3 гадоў. Для стыпендыятаў дэпартаментаў палітычных і грамадскіх навук і эканомікі прадугледжана таксама магчымасць гадавога выкладчыцкага кантракту. Працоўная мова праграмы – англійская.

Прыём заявак: да 18 кастрычніка (штогод).

Постдоктарскія стыпендыі EMBO

Еўрапейская арганізацыя малекулярнай біялогіі (EMBO) прапануе стыпендыяльную падтрымку перспектыўным даследчыкам у галіне навук аб жыцці. Тэматыка праектаў можа датычыцца вывучэння механізмаў, якія стаяць за біялагічнымі феноменамі як на малекулярным, так і на больш высокіх узроўнях арганізацыі. Міжнародная мабільнасць з’яўляецца абавязковым кампанентам праграмы. Да ўдзелу запрашаюцца прэтэндэнты, якія атрымалі кандыдацкую ступень у перыяд не больш за 2 гады да моманту падачы заяўкі і маюць як мінімум адну публікацыю ў міжнародным рэцэнзаваным навуковым часопісе. Працягласць праграмы: 1–2 гады.

Прыём заявак: да 2-й пятніцы лютага і да 2-й пятніцы жніўня на працягу года.

Праграмы грантаў Фонда Ісібасі (Японія)

Фонд Ісібасі прапануе падтрымку некамерцыйным культурным і адукацыйным ініцыятывам, уключаючы замежныя праекты, прысвечаныя культуры і мастацтву Японіі. Гранты могуць прысуджацца для правядзення выстаў, выдання навуковых часопісаў, арганізацыі культурных мерапрыемстваў і сімпозіумаў, а таксама ініцыятыў, закліканых павысіць стандарты адукацыі і пашырыць магчымасці адукацыйных устаноў. Фінансавая падтрымка можа аказвацца для праекта ў цэлым або на працягу некалькіх год яго існавання.

Прыём заявак: да канца студзеня і да конца ліпеня кожнага года.

Стыпендыі Інстытута Макса Планка па даследаваннях з галіны крыміналогіі, бяспекі і права (Германія)

Інстытут Макса Планка ў Фрайбургу прапануе доктарскія (кандыдацкія), постдоктарскія, а таксама стыпендыі вучоным на больш позніх стадыях кар’еры для ажыццяўлення індывідуальных даследчыцкіх праектаў у галіне крымінальнага, грамадскага права, крыміналогіі, тэорыі і філасофіі права. Прыярытэт аддаецца праектам, якія максімальна адпавядаюць тэматыцы даследаванняў, што праводзяцца ў гэты перыяд у адным з трох падраздзяленняў Інстытута. Стандартная працягласць праграм – 2–4 месяцы.

Прыём заявак да 31 мая і 31 кастрычніка (штогод).

Стыпендыі Каталіцкага фонду акадэмічных абменаў (Германія)

Каталіцкі фонд акадэмічных абменаў у рамках праграмы “Усходняя Еўропа” прапануе стыпендыі для навучання, павышэння навуковай кваліфікацыі або правядзення даследаванняў у Германіі для студэнтаў-хрысціян, выпускнікоў ВНУ і маладых вучоных з Беларусі. Стыпендыяты могуць самастойна выбраць навучальную ці навуковую ўстанову Германіі. Абмежаванняў у выбары спецыяльнасці або дысцыпліны няма. Патрабуецца добрае веданне нямецкай мовы.

Прыём заявак: да 15 студзеня і да 30 чэрвеня (штогод).

Стыпендыяльная праграма музея Вулфсаніен-ФМУ

Музей Вулфсаніен Флорыдскага міжнароднага ўніверсітэта (г. Маямі-Біч, ЗША) прапануе стыпендыяльную падтрымку навуковым даследаванням у розных акадэмічных дысцыплінах, звязаным з яго мастацкімі калекцыямі і фондамі. Праграма прызначана для ўладальнікаў ступені магістра, кандыдата (PhD) або аспірантаў, якія працуюць над кандыдацкай ступенню, а таксама для спецыялістаў са значным унёскам і досведам працы ў адпаведных галінах. Фінансаванне таксама пакрывае выдаткі на пражыванне і дарогу ў абодва бакі. Стандартная працягласць даследчыцкага візіту – 3–4 тыдні; даты візіту абмяркоўваюцца індывідуальна.

Прыём заявак: да 31 снежня (штогод).


Бібліятэкарам