У будынку бібліятэкі 17 чытальных залаў, дыферэнцаваных з улікам адукацыйнага ўзроўню карыстальнікаў, галіны ведаў, віду дакументаў. Залы разлічаны на 2 тыс. месцаў і размешчаны на трох паверхах. Усе яны аснашчаны электроннымі кафедрамі выдачы дакументаў, сучасным абсталяваннем, што дазваляе сканіраваць і капіраваць дакументы, друкаваць з электронных копій. У залах часткова камп’ютарызаваны рабочыя месцы карыстальнікаў.
Залы першага паверха бібліятэкі прызначаны для масавага чытача: агульная чытальная зала, залы перыядычных выданняў, аддзел міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента.
На другім паверсе размешчаны залы, прызначаныя для паглыбленай навуковай работы: зала беларускай літаратуры, зала дысертацый, навуковыя чытальныя залы, зала дактароў навук, зала прававой інфармацыі, зала дакументаў міжнародных арганізацый. На другім паверсе знаходзіцца таксама зала новых паступленняў, зала каталогаў і картатэк, зала інфармацыйна-бібліяграфічнага абслугоўвання і інтэрнэт-цэнтр.
На трэцім паверсе размешчаны зала дакументаў па мастацтве, зала нотных і аўдыявізуальных дакументаў, зала рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў.
Большасць залаў аб’яднана ў своеасаблівыя комплексы з аванзалай і кафедрамі выдачы, стэлажамі, закрытай часткай падсобнага фонду.
Колькасць месцаў у зале залежыць ад яе профілю і патэнцыяльных наведвальнікаў. Самымі вялікімі па памерах заламі з’яўляюцца агульная чытальная зала і зала спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй.
Камфортныя ўмовы для працы ў чытальных залах забяспечваюцца спецыяльным тэхнічным аснашчэннем: сістэмай кантролю мікраклімату, асвятлення, абсталяваннем для комплекснай работы з дакументамі на розных відах носьбітаў. У аванзалах прадугледжаны ўмовы для адпачынку наведвальнікаў.
Для правядзення групавых адукацыйных і культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў абсталяваны тры залы каворкінгу.
У бібліятэцы створаны ўмовы для карыстальнікаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі: спецыяльная пад’ёмная платформа для карыстальнікаў у інваліднай калясцы, працоўныя месцы для слабавідушчых і невідушчых карыстальнікаў, аснашчаныя спецыяльным абсталяваннем.