1. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1.1. Індывідуальныя кабіны, абсталяваныя персанальнымі камп’ютарамі (ПК) (далей – індывідуальныя кабіны), прызначаны для самастойнай работы карыстальнікаў з тэкставай і графічнай электроннай інфармацыяй.
1.2. Для работы карыстальнікаў з асабістай электроннай інфармацыяй на ПК у індывідуальных кабінах усталяваны праграмы Microsoft Office 2003 (Word, Exсel, Power Point), Adobe Reader, Fine Reader (далей – усталяваныя праграмы).
1.3. ПК у індывідуальных кабінах працуюць у лакальным рэжыме і не забяспечваюць доступу да інфармацыйных рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (далей – Бібліятэка) і сеткі Інтэрнэт.
1.4. Магчымасць працаваць карыстальнікам у індывідуальных кабінах з’яўляецца дадатковай паслугай Бібліятэкі і аплачваецца згодна з Прэйскурантам платных паслуг, якія аказвае дзяржаўная ўстанова "Нацыянальная бібліятэка Беларусі" фізічным асобам.
1.5. Бібліятэка не здзяйсняе:
1.5.1. навучанне рабоце з усталяванымі праграмамі;
1.5.2. інсталяцыю на ПК дадатковых праграм або адноўленых версій усталяваных праграм па запытах карыстальнікаў;
1.5.3. рэдагаванне дакументаў, створаных карыстальнікамі.
1.6. Бібліятэка не нясе адказнасці за захаванасць і канфідэнцыяльнасць асабістай інфармацыі, часова размешчанай карыстальнікамі на ПК у індывідуальнай кабіне.
2. ПРАВЫ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ
2.1. Карыстальнікі маюць права:
2.1.1. ствараць і рэдагаваць электронныя дакументы;
2.1.2. працаваць з інфармацыяй з асабістага электроннага носьбіта, прытрымліваючыся рэкамендацый па рабоце са знешнімі электроннымі носьбітамі;
2.1.3. капіраваць інфармацыю на асабісты электронны носьбіт (дыскета, флэш-карта, CD);
2.1.4. часова захоўваць дакументы на жорсткім дыску "Е" ПК. Фармаціраванне дыска ажыццяўляецца кожную пятніцу ў 10.00;
2.1.5. экспартаваць інфармацыю, захаваную на жорсткім дыску "Е" ПК, на папяровы носьбіт. Раздрукоўку дакумента здзяйсняе дзяжурны бібліятэкар па запыце карыстальніка. Для выканання запыту карыстальнік павінен паведаміць нумар індывідуальнай кабіны і імя файла.
3. АБАВЯЗКІ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ
3.1. Карыстальнікі абавязаны:
3.1.1. аплаціць паслугу па карыстанні індывідуальнай кабінай;
3.1.2. перад пачаткам работы пакінуць чытацкі білет дзяжурнаму бібліятэкару і зафіксаваць час работы;
3.1.3. перад пачаткам работы перадаць асабісты электронны носьбіт дзяжурнаму бібліятэкару для праверкі на наяўнасць шкаданосных праграм;
3.1.4. беражліва ставіцца да абсталявання Бібліятэкі і праграмнага забеспячэння.
3.2. Карыстальнікам забараняецца:
3.2.1. парушаць правілы карыстання ПК;
3.2.2. пераўсталёўваць праграмныя сродкі, выконваць працэдуры, якія парушаюць стабільную работу аперацыйнай сістэмы;
3.2.3. падключаць да ПК перыферыйныя прылады, усталёўваць дадатковыя праграмы, псаваць абсталяванне і праграмнае забеспячэнне;
3.2.4. працаваць з электроннымі носьбітамі, не праверанымі дзяжурным бібліятэкарам на наяўнасць шкаданосных праграм;
3.2.5. працаваць з электроннымі носьбітамі, якія немагчыма ачысціць ад шкаданосных праграм;
3.2.6. праглядаць, рэдагаваць, выдаляць дакументы, якія іншыя карыстальнікі часова захоўваюць на жорсткім дыску «Е».
4. РЭКАМЕНДАЦЫІ ПА РАБОЦЕ СА ЗНЕШНІМІ ЭЛЕКТРОННЫМІ НОСЬБІТАМІ
4.1. Каб пазбегнуць страты інфармацыі, карыстальнікам рэкамендуецца:
4.1.1. мець копію інфармацыі, якая захоўваецца на асабістым электронным носьбіце;
4.1.2. перад пачаткам работы скапіраваць дакумент са знешняга электроннага носьбіта на жорсткі дыск «Е» ПК;
4.1.3. працаваць з дакументам і часова захоўваць інфармацыю толькі на жорсткім дыску "Е" ПК;
4.1.4. своечасова ажыццяўляць прамежкавае захаванне інфармацыі;
4.1.5. пасля заканчэння работы скапіраваць дакумент з жорсткага дыска "Е" ПК на знешні электронны носьбіт.