ГалоўнаяЧытачуПравiлы карыстання i парадак запiсу ў бiблiятэку Правілы карыстання музеем кнігі

Правілы карыстання музеем кнігі

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Правілы карыстання музеем кнігі (далей – Правілы) Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (далей – Бібліятэка) распрацаваны ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь; Статутам дзяржаўнай установы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”; Правіламі карыстання Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі; Правіламі экскурсійнага абслугоўвання; Палажэннем аб навукова-даследчым аддзеле кнігазнаўства; Правіламі ўнутранага працоўнага распарадку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі; правіламі і нормамі аховы працы, тэхнікі бяспекі і пажарнай бяспекі і рэгламентуюць парадак абслугоўвання, правы, абавязкі і адказнасць наведвальнікаў музея кнігі (далей – Музей).

2. Правы наведвання Музея прадастаўляюцца ўсім катэгорыям карыстальнікаў Бібліятэкі ў індывідуальным парадку, а таксама экскурсійным групам да 15 чалавек у суправаджэнні супрацоўніка Бібліятэкі, акрамя дзяцей да 14 гадоў, якія дапускаюцца ў музей толькі ў суправаджэнні дарослых.

3. Дакументамі, якія даюць права карыстання музеем, з’яўляюцца білет чытача і пропуск наведвальніка сацыякультурнага цэнтра.

ГЛАВА 2
АРГАНІЗАЦЫЯ ДЗЕЙНАСЦІ

4. Музей працуе ў наступным рэжыме:
у перыяд з 1 верасня па 31 мая
аўторак, серада, пятніца: 10.30–19.00,
чацвер, субота, нядзеля: 10.00–18.00,
панядзелак – выхадны дзень;

у летні перыяд з 1 чэрвеня па 31 жніўня
панядзелак, чацвер, субота: 10.00–18.00,
аўторак, серада, пятніца: 10.30–19.00,
нядзеля – выхадны дзень.

5. Наведванне Музея экскурсійнымі групамі да 15 чалавек у суправаджэнні супрацоўніка Бібліятэкі арганізуецца на платнай аснове ў адпаведнасці з Прэйскурантам платных паслуг, якія аказвае Бібліятэка фізічным асобам па папярэднім запісе ў адпаведнасці з Правіламі экскурсійнага абслугоўвання.

6. Дзеці дашкольнага ўзросту, дзеці-сіроты, інваліды І і ІІ групы, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны абслугоўваюцца бясплатна пры прад’яўленні пацвярджаючых дакументаў.

7. Усе катэгорыі індывідуальных карыстальнікаў Бібліятэкі маюць права на самастойны агляд экспазіцыі Музея бясплатна.

8. Дакументы з фондаў Бібліятэкі, прадстаўленыя ў экспазіцыі музея, для карыстання не выдаюцца. Іх заказ і выдача ажыццяўляюцца згодна з Правіламі карыстання чытальнай залай рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства.

ГЛАВА 3
ПРАВЫ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ

9. Наведвальнікі маюць права:

  • атрымліваць неабходную інфармацыю аб рабоце Музея;
  • карыстацца паслугамі Музея;
  • звяртацца да кіраўніцтва Бібліятэкі па пытаннях, звязаных з арганізацыяй абслугоўвання Музея.

ГЛАВА 4
АБАВЯЗКІ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ

10. Наведвальнікі абавязаны:

  • пакідаць у камеры захоўвання сумкі, папкі, партфелі, непразрыстыя пакеты, футляры з музычнымі інструментамі, парасоны і іншыя рэчы;
  • здаваць у гардэроб верхнюю вопратку;
  • беражліва адносіцца да маёмасці Музея;
  • захоўваць цішыню, парадак, чысціню ў памяшканні Музея;
  • ветліва ставіцца да супрацоўнікаў і наведвальнікаў Бібліятэкі;
  • выконваць дадзеныя Правілы, інструкцыі па тэхніцы бяспекі і пажарнай бяспецы;
  • у надзвычайных абставінах (пажар, аварыя, пагроза тэрарыстычнага акта і г.д.) выконваць патрабаванні супрацоўнікаў Бібліятэкі, органаў унутраных спраў і пажарнай бяспекі.

11. Наведвальнікам забараняецца:

  • парушаць нормы грамадскіх паводзін;
  • выконваць дзеянні, якія могуць нанесці шкоду маёмасці Музея;
  • выносіць маёмасць з Музея;
  • самавольна размяшчаць у памяшканнях Музея аб’явы, афішы і іншыя матэрыялы рэкламнага характару, займацца камерцыйнай дзейнасцю;
  • карыстацца фотаапаратам з уключанай успышкай, прафесійным відэаабсталяваннем для камерцыйных мэт без дазволу адміністрацыі Бібліятэкі;
  • карыстацца сродкамі мабільнай сувязі з уключаным гукавым сігналам;
  • прымаць ежу і распіваць напоі;
  • прыносіць з сабой халодную і агнястрэльную зброю, выбуховыя, лёгкія на загаранне рэчывы;
  • прыходзіць у стане, які не адпавядае правілам санітарнай і асабістай гігіены, а таксама ў нецвярозым стане або пад уздзеяннем наркатычных і таксічных сродкаў.

ГЛАВА 5
АДКАЗНАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ

12. Наведвальнікі Музея нясуць адказнасць за невыкананне Правілаў карыстання Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, дадзеных Правілаў.

13. За пашкоджанне маёмасці Музея, несанкцыянаваны вынас экспанатаў, абсталявання і іншых рэчаў наведвальнікі нясуць матэрыяльную і юрыдычную адказнасць, якая прадугледжана дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

14. Наведвальнікі, якія парушылі Правілы карыстання Музеем, могуць быць пазбаўлены права наведваць Бібліятэку на час, вызначаны адміністрацыяй Бібліятэкі.

ГЛАВА 6
АБАВЯЗКІ СУПРАЦОЎНІКАЎ

15. Супрацоўнікі абавязаны:

  • забяспечваць высокі ўзровень абслугоўвання наведвальнікаў Музея;
  • інфармаваць наведвальнікаў аб відах паслуг, дапаўненнях і змяненнях, якія ўносяцца ў Правілы, зменах у рэжыме работы Музея.

ГЛАВА 7
ПРАВЫ АДМІНІСТРАЦЫІ

16. Адміністрацыя Бібліятэкі мае права:

  • уносіць дапаўненні і змяненні ў Правілы;
  • вызначаць умовы наведвання Музея;
  • вызначаць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь віды і памеры кампенсацыі шкоды, нанесенай наведвальнікамі;
  • вызначаць тэрмін пазбаўлення праў наведвання Бібліятэкі для наведвальнікаў Музея, якія парушылі Правілы;
  • патрабаваць ад наведвальнікаў Музея пакінуць памяшканне Бібліятэкі ў выпадку невыканання этычных норм і правіл паводзін у Бібліятэцы.
17. Адміністрацыя Бібліятэкі не нясе адказнасці за захаванасць грашовых сродкаў і іншых матэрыяльных каштоўнасцей наведвальнікаў Музея.
Бібліятэкарам