ГалоўнаяЧытачуПравiлы карыстання i парадак запiсу ў бiблiятэку Правілы карыстання Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі

Правілы карыстання Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Правілы карыстання дзяржаўнай установай “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” (далей – Правілы) распрацаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры, статутам дзяржаўнай установы "Нацыянальная бібліятэка Беларусі", палітыкай у адносінах апрацоўкі персанальных даных дзяржаўнай установы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” (далей – Бібліятэка) і рэгламентуюць узаемаадносіны Бібліятэкі і яе карыстальнікаў у працэсе бібліятэчнага, інфармацыйнага і сацыякультурнага абслугоўвання.

2. Бібліятэка з’яўляецца дзяржаўнай рэспубліканскай публічнай бібліятэкай, рэспубліканскім інфармацыйным і сацыякультурным цэнтрам. Фонд Бібліятэкі адлюстроўвае інфармацыйны, культурны, адукацыйны і навуковы патэнцыял грамадства. Інфармацыйныя рэсурсы Бібліятэкі з’яўляюцца агульнадаступнымі. Абмежаванні па іх выкарыстанні вызначаюцца толькі ў мэтах аховы асабліва рэдкіх і каштоўных дакументаў, а таксама ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.

3. Права атрымліваць доступ да інфармацыйных рэсурсаў Бібліятэкі праз сістэму чытальных залаў прадстаўляецца грамадзянам Рэспублікі Беларусь, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства з 14 гадоў. У выключных выпадках – да 14 гадоў пры наяўнасці пашпарта і на падставе пісьмовага звароту з месца вучобы, які аформлены на фірменным бланку ўстановы адукацыі з абавязковым абгрунтаваннем неабходнасці карыстання інфармацыйнымі рэсурсамі Бібліятэкі, а таксама ў прысутнасці і з пісьмовай згоды бацькоў ці іншых законных прадстаўнікоў.

4. Права наведвання аб’ектаў сацыякультурнага цэнтра Бібліятэкі даецца грамадзянам Рэспублікі Беларусь, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства. Для наведвання мерапрыемстваў сацыякультурнага напрамку дзеці да 14 гадоў дапускаюцца ў Бібліятэку толькі ў суправаджэнні дарослых.

5. Бібліятэка забяспечвае бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне карыстальнікаў у чытальных залах, праз міжбібліятэчны абанемент, шляхам віртуальнага абслугоўвання.

6. Бібліятэка забяспечвае сацыякультурнае абслугоўванне карыстальнікаў праз разнастайныя формы работы галерэйна-выставачнага, экскурсійнага, культурна-асветніцкага і фізкультурна-аздараўленчага напрамкаў.

7. Бібліятэка аказвае карыстальнікам асноўныя паслугі:

  • бясплатнае прадстаўленне поўнай інфармацыі аб складзе фондаў і інфармацыйныя рэсурсы Бібліятэкі;
  • бясплатную кансультацыйную дапамогу ў пошуку крыніц інфармацыі;
  • бясплатную выдачу дакументаў з фондаў Бібліятэкі для часовага карыстання ў адпаведных чытальных залах;
  • выдачу дакументаў або іх копій па міжбібліятэчным абанеменце і электроннай дастаўцы дакументаў;
  • прадстаўленне доступу да электронных інфармацыйных рэсурсаў.
Бібліятэка аказвае іншыя віды паслуг, у тым ліку платныя, згодна з "Прэйскурантам платных паслуг, якія аказвае дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі» фізічным і юрыдычным асобам" (далей – Прэйскурант).

ГЛАВА 2
ПАРАДАК РЭГІСТРАЦЫІ І ПЕРАРЭГІСТРАЦЫІ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ

8. Права доступу да інфармацыйных рэсурсаў Бібліятэкі праз сістэму чытальных залаў забяспечвае чытацкі білет, які выдаецца пры рэгістрацыі ў Бібліятэцы.

9. Пры рэгістрацыі ў якасці карыстальніка Бібліятэкі і перарэгістрацыі грамадзяніну неабходна прад’явіць дакумент, які пацвярджае асобу: пашпарт або від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца, ідэнтыфікацыйную картку грамадзяніна Рэспублікі Беларусь; біяметрычны від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь замежнага грамадзяніна; біяметрычны від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь асобы без грамадзянства.
Карыстальнік праходзіць бясплатную перарэгістрацыю адзін раз у пяць гадоў з моманту першага запісу ў Бібліятэку або апошняй даты перарэгістрацыі пры прад’яўленні чытацкага білета.
Для размеркавання карыстальнікаў па чытальных залах пры рэгістрацыі неабходна таксама прад’явіць:
навучэнцам устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі – білет навучэнца;
студэнтам устаноў вышэйшай адукацыі – студэнцкі білет;
навукоўцам – дыплом аб прысуджэнні вучонай ступені, атэстат аб прысваенні вучонага звання;
асобам з аслабленым зрокам і пазбаўленым зроку – пасведчанне інваліда па зроку.

10. Чытацкі білет выдаецца за плату на нявызначаны тэрмін (да ўвядзення новых форм). Ільготы па аплаце чытацкага білета не прадугледжаны. У выпадку страты, пры наяўнасці механічных пашкоджанняў (выгібаў, заломаў, драпін і інш.), пашкоджанняў чыпа і штрыхкода, пры змене прозвішча, імя, імя па бацьку карыстальніка выдаецца новы чытацкі білет за плату на агульных умовах.

11. Карыстальнік павінен азнаёміцца з дадзенымі Правіламі і засведчыць згоду на іх выкананне асабістым подпісам.

12. Рэгістрацыя калектыўных карыстальнікаў (юрыдычных асоб) ажыццяўляецца на падставе дагавора, які вызначае парадак прадастаўлення бібліятэчна-інфармацыйных і бібліяграфічных паслуг.

ГЛАВА 3
ПАРАДАК АПРАЦОЎКІ ПЕРСАНАЛЬНЫХ ДАНЫХ

13. Працэс апрацоўкі персанальных даных грунтуецца на асноўных прынцыпах і метадах пабудовы арганізацыйных, тэхналагічных і працэдурных аспектаў дасягнення неабходнага ўзроўню бяспекі інфармацыі, персанальных даных у аўтаматызаваных сістэмах Бібліятэкі.

14. Апрацоўка персанальных даных, уключаючы збор, сістэматызацыю, захоўванне, змяненне, выкарыстанне, абязлічванне, блакіраванне, распаўсюджванне, прадстаўленне, выдаленне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 07.05.2021 № 99-3 “О защите персональных даных” і палітыкай адносна апрацоўкі персанальных даных Бібліятэкі.

15. Апрацоўка персанальных даных пры рэгістрацыі ў якасці карыстальніка Бібліятэкі, а таксама пры выдачы пропускаў і пры аказанні паслуг ажыццяўляецца без згоды суб’екта персанальных даных (абзац 20 часткі 1 артыкула 6 Закона Рэспублікі Беларусь ад 07.05.2021 № 99-3 “О защите персональных даных”, падпункт 2.2 пункта 2 артыкула 137 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры), калі іншае не прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

16. Пры рэгістрацыі і перарэгістрацыі карыстальніка ў модуль “Рэгістрацыя карыстальнікаў” аўтаматызаванай бібліятэчна-інфармацыйнай сістэмы ўносяцца наступныя персанальныя даныя, якія вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, лакальнымі актамі, дасягненнем пастаўленых мэт і ўключаюць у сябе: прозвішча, асабістае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць); дату нараджэння; пол; ідэнтыфікацыйны нумар ці нумар пашпарта; даныя аб рэгістрацыі па месцы жыхарства і (ці) месцы знаходжання; даныя аб адукацыі, вучонай ступені, вучоным званні; нумар тэлефона; месца вучобы (факультэт, курс, форма навучання); месца работы, пасада, лічбавы фотапартрэт.

17. У мэтах бяспекі карыстальнікаў у Бібліятэцы вядзецца відэаназіранне на падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.11.2013 № 527 “О вопросах создания и применения системы видеонаблюдения в интересах общественного порядка”.

18. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 01.02.2010 № 60 “О мерах по совершенствованию использования национального сегмента сети Интернет” захоўванне звестак аб карыстальніку ажыццяўляецца на працягу аднаго года з дня аказання інтэрнэт-паслуг, у тым ліку калі спынена апрацоўка персанальных даных па патрабаванні карыстальніка.

ГЛАВА 4
АРГАНІЗАЦЫЯ АБСЛУГОЎВАННЯ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ

19. Карыстальніку даецца магчымасць звяртацца ў Бібліятэку як шляхам непасрэднага наведвання, так і ў рэжыме аддаленага доступу.

20. Для карыстальнікаў, якія непасрэдна наведваюць Бібліятэку, функцыянуе сістэма чытальных залаў, што дыферэнцыруюцца па ўзроўні адукацыі і прафесійнай дзейнасці карыстальнікаў, галінах ведаў і відах дакументаў.

21. Абслугоўванне карыстальнікаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дадзенымі Правіламі і іншымі лакальнымі прававымі актамі Бібліятэкі, якія ўдакладняюць узаемаадносіны Бібліятэкі і карыстальнікаў.

22. Кожнаму карыстальніку пры рэгістрацыі рэкамендуецца адпаведная чытальная зала.
У агульнай чытальнай зале ажыццяўляецца абслугоўванне навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, спецыялістаў з сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыяй, у тым ліку бакалаўраў, магістрантаў, аспірантаў, саіскальнікаў на атрыманне вучонай ступені.
У навуковых чытальных залах ажыццяўляецца абслугоўванне асоб, якія маюць вучоную ступень кандыдата ці доктара навук, вучонае званне, навуковых супрацоўнікаў і загадчыкаў лабараторый навукова-даследчых устаноў, загадчыкаў кафедр, выкладчыкаў устаноў вышэйшай адукацыі, асоб з аслабленым зрокам і пазбаўленых зроку.
У чытальнай зале беларускай літаратуры, спецыялізаваных залах дакументаў па мастацтве, нотных і аўдыявізуальных дакументаў ажыццяўляецца абслугоўванне навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі і спецыялістаў па профілі, які адпавядае спецыялізацыі чытальнай залы.
У чытальнай зале рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў абслугоўванне асобнымі відамі дакументаў (рукапісамі, рэдкімі кнігамі і старадрукамі да 1830 г.) ажыццяўляецца пры наяўнасці ў карыстальніка хадайніцтва ад навуковай арганізацыі.
У чытальнай зале міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента ажыццяўляецца абслугоўванне калектыўных карыстальнікаў міжбібліятэчнага абанемента; карыстальнікаў Бібліятэкі, якія маюць вучоную ступень кандыдата ці доктара навук, саіскальнікаў, аспірантаў, выкладчыкаў вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і агульнаадукацыйных навучальных устаноў, супрацоўнікаў навукова-даследчых устаноў, вытворчых прадпрыемстваў, якія займаюцца навукова-даследчымі распрацоўкамі.

23. Абслугоўванне ўсіх катэгорый карыстальнікаў ажыццяўляецца ў чытальных залах перыядычных выданняў, прававой інфармацыі, дакументаў міжнародных арганізацый, даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання, на выставе новых паступленняў, у інтэрнэт-цэнтры, а таксама шляхам электроннай дастаўкі дакументаў і выдачы дакументаў з падсобных фондаў ва ўсіх чытальных залах Бібліятэкі.

24. Дакументы, заказаныя карыстальнікам з фондасховішча, выдаюцца пры прад’яўленні чытацкага білета на кафедрах выдачы чытальнай залы, якая рэкамендавана яму пры рэгістрацыі.
Асобныя віды дакументаў (ноты, дакументы на электронных носьбітах, аўдыявізуальныя і выяўленчыя дакументы, газеты і інш.), заказаныя з фондасховішча, накіроўваюцца для работы з імі ў чытальную залу адпаведнага профілю:

  • выяўленчыя дакументы – у залу дакументаў па мастацтве;
  • газеты – у залу перыядычных выданняў;
  • дысертацыі – у залу дысертацый;
  • ноты, аўдыявізуальныя дакументы, дакументы на электронных носьбітах – у залу нотных і аўдыявізуальных дакументаў;
  • мімеаграфаваныя дакументы – у залу дакументаў міжнародных арганізацый.

25. Пры адсутнасці неабходнага дакумента ў фондах Бібліятэкі карыстальнік мае права аформіць заказ на яго атрыманне з іншых бібліятэк Беларусі і замежжа праз міжбібліятэчны абанемент і дастаўку дакументаў.

26. Выдача дакументаў і ажыццяўленне платных паслуг спыняецца за 15 хвілін да закрыцця Бібліятэкі.

27. Бібліятэка абслугоўвае карыстальнікаў у наступным рэжыме:

штодзённа (з 1 верасня па 31 мая):
панядзелак – пятніца: з 10.00 да 21.00;
субота, нядзеля: з 10.00 да 18.00.
У летні перыяд (з 1 чэрвеня па 31 жніўня):
панядзелак – пятніца: з 10.00 да 20.00;
субота: з 10.00 да 18.00;
нядзеля: выхадны дзень.
Напярэдадні дзяржаўных свят Бібліятэка працуе з 10.00 да 18.00.

Па асобным графіку, зацверджаным генеральным дырэктарам Бібліятэкі, ажыццяўляецца абслугоўванне:

28. Бібліятэка не працуе ў дні дзяржаўных свят, свят Вялікадня (праваслаўнага, каталіцкага) і ў санітарныя дні (апошні панядзелак месяца).

29. У выключных выпадках (пры правядзенні мерапрыемстваў дзяржаўнага ўзроўню, тэхналагічных збоях комплексу інфармацыйна-тэхналагічных сістэм і інш.) Бібліятэка мае права ўносіць змены ў рэжым работы. Інфармаванне карыстальнікаў пра змены ажыццяўляецца загадзя праз інтэрнэт-партал і інфармацыйныя стэнды Бібліятэкі.

30. Віртуальнае абслугоўванне карыстальнікаў ажыццяўляецца праз інтэрнэт-партал Бібліятэкі (https://www.nlb.by), дадаткова – праз выкарыстанне сацыяльных сетак і іншых вэб-сэрвісаў.

ГЛАВА 5
ПРАВЫ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ

31. Карыстальнікі Бібліятэкі маюць права:

  • наведваць Бібліятэку ў адпаведнасці з рэжымам яе работы;
  • атрымліваць у часовае карыстанне дакументы з фондаў Бібліятэкі для працы ў адпаведных чытальных залах;
  • атрымліваць поўную інфармацыю пра дакументы з фондаў Бібліятэкі праз сістэму каталогаў, картатэк, баз даных і іншыя формы бібліятэчнага інфармавання;
  • атрымліваць кансультацыйную дапамогу па пошуку крыніц інфармацыі і заказе дакументаў;
  • атрымліваць доступ да нацыянальных і сусветных баз даных, інфармацыйных рэсурсаў інтэрнэту;
  • атрымліваць дакументы або іх копіі па міжбібліятэчным абанеменце, у тым ліку шляхам электроннай дастаўкі дакументаў;
  • атрымліваць бясплатна часовы білет чытача для аднаразовага наведвання Бібліятэкі ў выпадку, калі пастаянны чытацкі білет адсутнічае ў дадзены момант. Часовы білет чытача выдаецца не больш за пяць разоў у год;
  • браніраваць дакументы на вызначаны тэрмін і падаўжаць тэрмін карыстання дакументам пры адсутнасці запытаў з боку іншых карыстальнікаў на дадзены момант;
  • праносіць у Бібліятэку ноўтбук у чахлах (без дадатковых укладанняў і адпаведных памеру ноўтбука) або спецыяльна прызначанай сумцы ці інвентарным кошыку, атрыманых у гардэробе Бібліятэкі;
  • праносіць у Бібліятэку музычныя інструменты ў футлярах;
  • наведваць мерапрыемствы і заняткі, якія праводзяцца для карыстальнікаў у Бібліятэцы;
  • пакідаць дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту ў дзіцячым пакоі падчас наведвання Бібліятэкі;
  • атрымліваць іншыя віды паслуг, у тым ліку платныя;
  • звяртацца да кіраўніцтва Бібліятэкі з прапановамі, заўвагамі, скаргамі па пытаннях, якія звязаны з абслугоўваннем карыстальнікаў.

ГЛАВА 6
АБАВЯЗКІ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ

32. Карыстальнікі Бібліятэкі абавязаны:

  • выконваць дадзеныя Правілы і іншыя лакальныя прававыя акты Бібліятэкі;
  • прытрымлівацца рэжыму работы Бібліятэкі;
  • своечасова паведамляць супрацоўнікам сектара запісу карыстальнікаў аддзела запісу і інфармавання карыстальнікаў аб страце або крадзяжы чытацкага білета, часовага білета чытача;
  • вяртаць часовы білет чытача (абзац 8 пункт 32) у сектар запісу карыстальнікаў аддзела запісу і інфармавання карыстальнікаў, а ў выпадку яго страты ці пашкоджання – аплаціць яго кошт;
  • здаваць у гардэроб верхнюю вопратку, галаўныя ўборы, сумкі для ноўтбукаў;
  • пакідаць у камеры захоўвання сумкі, партфелі, дыпламаты і іншыя рэчы памерам больш за 30х30х20 см; заплечнікі і парасоны; абутак (у пакеце);
  • прад’яўляць для прагляду на кантрольна-прапускным пункце сумкі, сшыткі, пакеты, футляры з-пад музычных інструментаў і іншыя рэчы, якія дазволены да ўнясення ў Бібліятэку;
  • беражліва адносіцца да атрыманых у карыстанне дакументаў і маёмасці Бібліятэкі;
  • паведамляць бібліятэкару аб выяўленні пашкоджанняў у дакуменце;
  • захоўваць цішыню, парадак, чысціню ў памяшканнях Бібліятэкі;
  • ветліва ставіцца да работнікаў і наведвальнікаў Бібліятэкі;
  • у надзвычайных сітуацыях (тэхнічны збой, пажар, аварыя, пагроза тэрарыстычнага акта і інш.) выконваць патрабаванні супрацоўнікаў Бібліятэкі, органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях.
  • 33. Карыстальнікам Бібліятэкі забараняецца:

    • перадаваць чытацкі білет іншым асобам і карыстацца чытацкімі білетамі іншых асоб;
    • выносіць дакументы з фонду Бібліятэкі за яе межы, акрамя дакументаў, выдадзеных у чытальнай зале міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента пры наяўнасці пропуску;
    • уносіць у Бібліятэку друкаваныя матэрыялы (кнігі, часопісы, газеты, вучэбна-метадычныя матэрыялы, выяўленчыя дакументы, ноты і іншыя дакументы), відэаапаратуру, падаўжальнікі і сеткавыя фільтры, колючыя і рэжучыя прадметы;
    • праходзіць у чытальныя залы Бібліятэкі з дзецьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту;
    • праходзіць у Бібліятэку ў неахайным знешнім выглядзе;
    • наведваць Бібліятэку ў стане алкагольнага ап'янення, пад уздзеяннем наркатычных, псіхатропных, таксічных рэчываў;
    • уваходзіць у Бібліятэку з жывёламі, за выключэннем карыстальнікаў з аслабленым зрокам і асоб, якія страцілі зрок, у суправаджэнні сабакі-павадыра;
    • ажыццяўляць дзеянні, якія прычыняюць шкоду дакументу (вырываць ці выразаць старонкі, рабіць паметкі, падкрэсліваць, калькаваць малюнкі і карты, пісаць на аркушах паперы, пакладзеных на дакумент, самастойна ажыццяўляць дробны рамонт дакументаў і г. д.);
    • рабіць адзнакі на каталожных картках і вымаць іх з каталожных скрынак;
    • браць без дазволу дакументы, атрыманыя іншымі карыстальнікамі;
    • знаходзіцца з дакументамі Бібліятэкі ў буфеце, памяшканні для курэння і прыбіральні;
    • прымаць ежу і каляровыя напоі ў чытальных залах;
    • выкарыстоўваць мабільныя тэлефоны, фотаапараты і іншыя тэхнічныя сродкі для відэаздымкі і фатаграфавання дакументаў з фондаў Бібліятэкі, інфармацыі з экранаў манітораў, акрамя выпадкаў, калі фотаздымка праводзіцца на платнай аснове згодна з Прэйскурантам;
    • пакідаць без нагляду ўключаныя ў электрасетку Бібліятэкі для падзарадкі ці працы тэхнічныя прылады (асабістыя ноўтбукі, мабільныя тэлефоны і інш.);
    • выконваць сістэмныя аперацыі ў камп’ютарнай сетцы Бібліятэкі, пераўстанаўліваць праграмныя сродкі, адключаць ад сеткі тэхнічнае абсталяванне, знішчаць і рэдагаваць файлы, створаныя іншымі карыстальнікамі;
    • самавольна размяшчаць у памяшканнях Бібліятэкі аб’явы, афішы і іншыя матэрыялы, займацца прадпрымальніцкай, агітацыйнай і рэкламнай дзейнасцю;
    • парушаць грамадскі парадак;
    • курыць у памяшканнях Бібліятэкі, акрамя месцаў, спецыяльна прызначаных для гэтага.

    ГЛАВА 7
    АДКАЗНАСЦЬ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ

    34. Карыстальнікі Бібліятэкі, якія нанеслі шкоду дакументам ці маёмасці Бібліятэкі (камп’ютарам, аргтэхніцы, мэблі, электраабсталяванню і інш.), пакрываюць страту згодна з заканадаўствам.

    35. Карыстальнікі, якія парушаюць грамадскі парадак, зневажаюць супрацоўнікаў і карыстальнікаў Бібліятэкі, нясуць адказнасць згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

    36. За парушэнне гэтых Правіл карыстальнікам можа быць часова абмежаваны доступ да інфармацыйных рэсурсаў і паслуг Бібліятэкі на тэрмін не больш за адзін год.

    ГЛАВА 8
    ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ БІБЛІЯТЭКІ

    37. Бібліятэка мае права:

    • уносіць дапаўненні і змяненні ў дадзеныя Правілы ва ўстаноўленым парадку;
    • вызначаць умовы выкарыстання бібліятэчных фондаў і іншых інфармацыйных рэсурсаў, а таксама рэжым доступу да іх;
    • вызначаць у адпаведнасці з заканадаўствам віды і памеры кампенсацыі шкоды, нанесенай карыстальнікамі;
    • вызначаць тэрмін абмежавання (не больш за адзін год) доступу да інфармацыйных рэсурсаў і паслуг Бібліятэкі карыстальнікам, якія парушылі гэтыя Правілы.

    38. Бібліятэка абавязана:

    • фарміраваць інфармацыйныя рэсурсы, забяспечваць іх захаванасць і рацыянальнае выкарыстанне ў адпаведнасці з заканадаўствам у галіне бібліятэчнай справы і статутам Бібліятэкі;
    • ствараць спрыяльныя ўмовы для работы карыстальнікаў у Бібліятэцы;
    • забяспечваць высокую культуру абслугоўвання карыстальнікаў;
    • захоўваць канфідэнцыяльнасць звестак пра карыстальнікаў;
    • інфармаваць карыстальнікаў пра:
      • дапаўненні і змяненні, якія ўносяцца ў гэтыя Правілы;
      • змяненні ў рэжыме работы Бібліятэкі;
      • віды паслуг, якія выконвае Бібліятэка.
    Бібліятэкарам
    Віртуальныя праекты