ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2024 г.

Выстаўкі 2024 г.

Polacki_sabor.jpg Бібліятэка Полацкага сабора 1839 года

Выстава прымеркавана да 185-годдзя Полацкага аб’яднанага царкоўнага сабора 1839 года, дзе было прынята рашэнне аб злучэнні беларускіх уніяцкіх прыходаў з праваслаўнай царквой.

Экспазіцыя знаёміць з перадгісторыяй і падзеямі 1839 года, з дзейнасцю духоўных дзеячаў – непасрэдных удзельнікаў сабора, а таксама з даследаваннямі па гэтай тэме.

 Af_Chliabcevich.jpg Дакументальная спадчына Яўгена Хлябцэвіча

Выстава прымеркавана да Дня бібліятэк Беларусі (15 верасня) і прысвечана 140-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага і расійскага бібліятэказнаўцы, ініцыятара стварэння сеткі бясплатных публічных бібліятэк у Беларусі Яўгена Хлябцэвіча.

Аснову выставы складаюць арыгінальныя матэрыялы і дакументы з асабістага архіва Яўгена Хлябцэвіча, які захоўваецца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Прадстаўлены арыгінальныя фотаздымкі, сямейная перапіска, працоўныя рукапісныя дакументы, а таксама літаратуразнаўчыя і бібліятэказнаўчыя працы і публікацыі розных гадоў.

AF_Khronika_osvobozhdeniya_Belarusi.jpg

Хроніка вызвалення Беларусі

Выстава  прымеркавана да знакавага юбілею – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У экспазіцыі прадстаўлены карты, улёткі з інфармацыяй з загадаў Генеральнага штаба і зводак Саўінфармбюро 1943–1944 гг., асабістыя дакументы ўдзельнікаў ваенных дзеянняў, а таксама шэраг перыядычных выданняў таго часу, якія дазваляюць прасачыць хроніку вызвалення населеных пунктаў і тэрыторыі нашай краіны. Дапаўняюць выставу выданні ўспамінаў непасрэдных удзельнікаў падзей, а таксама дакументальныя зборнікі, прысвечаныя беларускай наступальнай аперацыі.

Af_Dom_Mamonichau.jpg
Кніжная спадчына Дома Мамонічаў

Выстава прымеркавана да 450-годдзя з пачатку дзейнасці друкарні Мамонічаў – аднаго з самых адметных беларускіх выдавецкіх цэнтраў ХVІ – пачатку ХVІІ ст.

Тут прадстаўлены старадрукі Дома Мамонічаў канца ХVІ – пачатку ХVІІ ст. з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Сярод экспанатаў  – першае выданне тыпаграфіі, сапраўдны шэдэўр кнігадрукавання ХVІ ст. – Евангелле (1575), надрукаванае Пятром Мсціслаўцам, Псалтыр (1576), больш вядомы як “Псалтыр з чырвонымі кропкамі”, Апостал (1595), Евангелле (без сігнатур) (1600), а таксама такія выданні пачатку ХVІІ ст., як Трыёдзь кветная (1609), перавыданне Статута Вялікага Княства Літоўскага (1619) і Трыбунал (1623).

Af_Jaustafij_Tyshkevich.jpg Знаўца беларускіх старажытнасцей

18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча. Да юбілею вучонага арганізавана дадзеная экспазіцыя.

Тут прадстаўлены прыжыццёвыя выданні прац Яўстафія Тышкевіча па гісторыі, этнаграфіі, матэрыялы, якія адлюстроўваюць яго дзейнасць па арганізацыі агульнадаступнага музея, а таксама кнігі з аўтографамі і выданнямі з яго асабістай бібліятэкі.

Акрамя таго, наведвальнікі змогуць убачыць і сучасныя выданні, прысвечаныя жыццёваму шляху і навуковай дзейнасці вядомага даследчыка даўніны.


Кніжныя здабыткі

На выставе будуць прадстаўлены помнікі кніжна-пісьмовай культуры, якія паступілі ў бібліятэчны фонд на працягу 2023 года.

Сёлета кнігазбор Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі рознымі спосабамі папоўніўся шэрагам помнікаў айчыннай і еўрапейскай кніжнай культуры. Сярод іх – экзэмпляры старадрукаў і рэдкіх выданняў, перададзеныя ў дар, а таксама ўнікальныя дакументы і выданні ХІХ–ХХ ст., набытыя за бюджэтныя сродкі.


Старонкі гісторыі: да 105-годдзя ўтварэння БССР

У кніжнай экспазіцыі прадстаўлены навуковыя, навукова-папулярныя і мастацкія выданні, якія расказваюць аб працэсе станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці, гістарычныя перадумовы і сам працэс станаўлення БССР.

Выстаўку дапаўняюць святочныя плакаты да юбілеяў БССР, выкананыя лепшымі беларускімі мастакамі-плакатыстамі.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты